Эстонія не пусціць расійскіх мужчын, што бягуць ад вайны
Прэм'ер-міністр Эстоніі заявіла, што краіна не будзе даваць прытулак расіянам, якія спрабуюць пазбегнуць мабілізацыі.

Эстонія не дасць прытулку расіянам, што збягаюць ад мабілізацыі, заявіла прэм'ер-міністр краіны Кая Калас у інтэрв'ю CNN.
«Кожны грамадзянін адказны за дзеянні яго краіны, і грамадзяне Расіі не выключэнне. Таму мы не даём прытулак расійскім мужчынам, якія бягуць са сваёй краіны. Яны павінны выступіць супраць вайны», — сказала Кая Калас.
Цяпер на межах з Расіяй утвараюцца коркі з аўтамабіляў — ахвочых з’ехаць з Расіі вельмі шмат, месцы на ўсе авіярэйсы ў бязвізавыя для РФ краіны скончыліся.
Падчас пратэстаў супраць мабілізацыі ў Расіі ўчора затрымалі паўтары тысячы мітынгоўцаў, у Тальяці ноччу спрабавалі падпаліць адміністрацыю, а ў Ніжнім Ноўгарадзе — прызыўны пункт.
Нагадаем, прыбалтыйскія краіны ўвялі забарону на перасячэнне іх межаў для расіян, якія маюць шэнгенскія візы. Беларусы пад такую забарону не патрапілі.

Паводле «Нямецкай хвалі», «ОВД-Инфо»