«Спыніць шастанне праз мяжу». Эстонія прапануе забараніць усім расіянам уезд у Еўрасаюз

У жніўні МЗС Эстоніі падыме гэта пытанне на міністэрскай сустрэчы з прадстаўнікамі іншых краін, заявіў міністр замежных спраў краіны Урмас Рэйнсалу ў эфіры Vikerraadio.

506180t1h059f.jpg


Па словах кіраўніка эстонскага МЗС, у канцы жніўня ў Празе ў яго запланаваная сустрэча з міністрамі замежных спраў іншых дзяржаў, на якой ён прадставіць план агульнаеўрапейскіх абмежаванняў для грамадзян Расіі.

Рэйнсалу таксама заклікаў іншыя краіны рэгіёна спыніць выдачу турыстычных візаў расійцам, «гэта значыць спыніць шастанне праз мяжу».

Паводле яго слоў, выдача такіх дазволаў нармальная ў звычайнай сітуацыі, але «неймаверная ва ўмовах ваеннага часу».

Сама Эстонія прыпыніла выдачу турыстычных візаў грамадзянам Расіі яшчэ ў сакавіку. Пры гэтым тыя, у каго ў Эстоніі ёсць сваякі, а таксама тыя, хто просіць візу па «гуманітарных меркаваннях» або ў медыцынскіх мэтах, усё яшчэ могуць падаць заяўку.

У канцы ліпеня Талін зрабіў больш жорсткімі правілы, забараніўшы расіянам падаваць дакументы на атрыманне часовага дазволу на жыхарства або візы ў мэтах навучання ў Эстоніі.

Аднак, заявіў Рэйнсалу, грамадзяне Расіі ўсё адно трапляюць у краіну па візах іншых дзяржаў. «Гэтую мышыную нару трэба заткнуць», — адзначыў ён.

Акрамя агульнаеўрапейскай забароны, у Эстоніі неабходна ўвесці меры на нацыянальным узроўні, лічыць кіраўнік МЗС. Ён прывёў у прыклад Латвію, дзе пры ўездзе расійскім грамадзянам неабходна падпісаць дакумент з асуджэннем ваеннай аперацыі на Украіне. «Такі прынцып таксама можна было б узяць за аснову пры атрыманні грамадзянства [Эстоніі] шляхам натуралізацыі», — сказаў Рэйнсалу.