За час галадоўкі Аўтуховіч схуднеў на 20 кілаграмаў. У ЕС дзеянні ўладаў у дачыненні да яго назвалі бесчалавечнымі
Адвакатка нарэшце змагла сустрэцца з Мікалаем Аўтуховічам, які 19-ты дзень трымае «сухую» галадоўку. Па словах дачкі вязня, за час галадоўкі ён страціў ужо каля 20 кілаграмаў вагі.
«Адвакатка сказала, што ён прыйшоў сам — нагамі — на насілках яго не неслі. Ён ішоў павольна і ў напаўсагнутым стане. Схуднелы, моцна асунуўся. Яму дапамагаў ісці хлопец, якога таксама выводзілі — падтрымліваў бацьку за руку», — піша дачка.
Начальнік турмы запэўніў адвакатку, што дактары на месцы адсочваюць фізічны і псіхалагічны стан Аўтуховіча.
Нагадаем, што 26 ліпеня Мікалай Аўтуховіч перад судом упаў ад слабасці. На пасяджэнні 28 ліпеня ён не прысутнічаў, і яго адвакатка не змагла даведацца, дзе ён. Сустрэлася яна з падабаронным толькі ўвечары 19 ліпеня.
Мікалай Аўтуховіч ставіць сваёй галадоўкай толькі адно патрабаванне — каб яму перадавалі лісты. Цяпер ён пазбаўлены такой магчымасці: яму не перадаюць нават лісты ад маці.
У Еўрасаюзе адрэагавалі на апошнія навіны пра Мікалая Аўтуховіча. Пітэр Стана, прадстаўнік Еўрапейскай знешнепалітычнай службы, назваў дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да Аўтуховіча бесчалавечным абыходжаннем.
«Палітычны актывіст Мікалай Аўтуховіч, зняволены ў турму і які чакае рашэння суда, адмаўляецца ад ежы і вадкасці на працягу 18 дзён. Яго патрабаванне перапісвацца з сям'ёй адхілена. Гэта бесчалавечнае абыходжанне. Беларускія ўлады павінны выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека», — напісаў ён у Твітэры.
Мікалай Аўтуховіч — беларускі рэкардсмен у турэмным галадаванні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005-2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў, ён ветэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст. Гэта трэцяе яго зняволенне. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.
Блізкія просяць дасылаць Мікалаю негазаваную ваду, сокі, мёд у пластыкавых пакунках, каб ён у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.