Адвакатка Мікалая Аўтуховіча не здолела даведацца, што з вязнем
Адвакатка Мікалая Аўтуховіча не змагла даведацца пра стан здароўя вязня, які трымае сухую галадоўку 18-ы дзень.
Сёння на судовым пасяджэнні Мікалая Аўтуховіча не было — родныя і адвакат не ведаюць, што з ім і ў якім вязень стане.
«Пасяджэнне скончылася каля 18:00. Адвакату не ўдалося даведацца пра стан здароўя бацькі. Начальнікаў турмы і медчасткі ўжо не было на працоўных месцах», — паведаміла ў сацсетках ягоная дачка.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч 18-ты дзен трымае «сухую галадоўку». Вязень патрабуе толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставанне нават са старой маці.
Мікалай Аўтуховіч — беларускі рэкардсмен у турэмным галадаванні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005-2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў, ён ветэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст. Гэта трэцяе яго зняволенне. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.
Блізкія просяць дасылаць Мікалаю негазаваную ваду, сокі, мёд у пластыкавых пакунках, каб ён у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.
Пазаўчора, на 16-ы дзень галадоўкі, вязень упаў ад слабасці, але турэмны доктар заявіў, што стан падсуднага дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях. Мікалай Аўтуховіч у той дзень вымушаны быў прасіць медыцынскай дапамогі проста на пасяджэнні. За гэта яго выдалілі з клеткі і спынілі працэс.