На 16 дзень сухой галадоўкі Мікалай Аўтуховіч упаў ад слабасці
Але турэмны доктар заявіў, што стан падсуднага дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых пасяджэннях, напісала ў Фэйсбуку яго дачка.
«Сёння адвакатка зноў заявіла хадайніцтва на агляд бацькі знешнімі лекарамі, якое, натуральна было адхіленае. Аналіз крыві, які бралі ў мінулы чацвер, 21.07, нібыта яшчэ не гатовы. Таксама яго не ўзважваюць для кантролю», — адзначыла яна.
«Тата (пакуль яго вялі на суд) упаў ад слабасці і стукнуўся аб кайданкі», — напісала яна.
«Тата прасіў перадаць, што ён рэальна нічога не есць і не п’е (а то некаторыя… у здзіўленні, як гэта ён яшчэ жывы). На заўтра ў судзе перапынак, пасяджэнне працягнецца ў чацвер», зазначыла яна ў допісе.
Мікалай Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваннем толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставанне нават са старой маці.
Аўтуховіч — беларускі рэкардсмен у турэмным галадаванні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005-2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў, ён ветэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст. Гэта трэцяе яго зняволенне. За кратамі ён больш як паўтара года. Усяго па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.
Блізкія просяць дасылаць Мікалаю негазаваную ваду, сокі, мёд у пластыкавых пакунках, каб ён у любы момант мог пачаць выхад з галадоўкі.
Падтрымаць Мікалая Аўтуховіча, дасылаць яму лісты і бандэролькі можна на адрас: Турма №1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу