Бацька Сафіі Сапега пагасіў штраф дачкі. Цяпер яе могуць памілаваць або экстрадаваць у Расію.

Сапега заплаціла праз бацьку штраф у 175 тысяч беларускіх рублёў (каля 68 тысяч долараў). Яго спагнаў суд на карысць больш як 70 пацярпелых сілавікоў, чыноўнікаў і суддзяў. Сафію, якая з'яўляецца грамадзянкай Расіі, асудзілі на 6 гадоў калоніі за адміністраванне тэлеграм-канала «Ч*рная кніга Беларусі».

sapeha_safija.jpg

Па словах адваката Гашынскага, па законе без пагашэння шкоды ўлады Беларусі не могуць перадаць асуджаную ў Расію. У вырашэнні пытання аб памілаванні пагашэнне шкоды таксама з'яўляецца ключавой умовай.
Соф'я Сапега адбывае тэрмін у Гомельскай жаночай калоніі па выраку суда, які ўступіў у моц 17 траўня — яна прызнана вінаватай ва ўзбуджэнні сацыяльнай варожасці і незаконным зборы звестак аб прыватным жыцці.
Па выраку яна таксама павінна была выплаціць 175 тысяч беларускіх рублёў кампенсацыі маральнай шкоды каля 70 грамадзянам, якія, на думку суда, пацярпелі ад яе працы ў тэлеграм-канале «Ч*рная кніга Беларусі». Там публікаваліся асабістыя дадзеныя беларускіх сілавікоў, службоўцаў, суддзяў і журналістаў дзяржаўных СМІ. Цяпер канал заблакаваны.
Кожнаму пацярпеламу Сапега мусіла выплаціць ад 1 да 5 тысяч беларускіх рублёў. Самыя вялікія сумы суд прысудзіў тром пазоўнікам —
намесніку старшыні віцебскага аддзела міліцыі Дзмітрыю Зяцеву, старшыні суда Мазырскага раёна Анатолю Стральчанку і нейкай Ірыне Кашчук (верагодна, суддзя дапусціў памылку друку і гаворка ідзе пра маёра міліцыі Лельчыцкага РАУС Іны Кашчук).
Па словах адваката Гашынскага, такіх маштабных прысудаў - па колькасці пацярпелых і памеры прысуджанага штрафу - да яе справы ў Беларусі не было.