Хронікі рэпрэсій у Беларусі: затрыманні, суды, «пакаяльныя відэа»

У Беларусі не спыняецца пераслед нязгодных з дзеючым рэжымам. Расказваем, што адбылося ў палітычным жыцці краіны сёння, 25 ліпеня.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Масавыя затрыманні прайшлі ў памежных з Украінай раёнах Беларусі. На гэты раз сілавікі наведалі Нараўлянскі і Хойніцкі раёны. Былі затрыманыя як мінімум пяць чалавек: Аляксандр Рэвутаў, Артур Амяльянчыкаў, Антон Бурко, Мікалай Курскі і Сяргей Струга. З імі запісалі «пакаяльныя відэа».
Выданні «Hrodna.life», «Polskieradio.pl» і іх сацсеткі, а таксама інтэрнэт-рэсурс «Беларускi народны трыбунал», чат «Учёные против насилия» і канал «ШТО ДУМАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ» прызналі «экстрэмісцкімі» ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне прыняў суд Ленінскага раёна горада Гродна.
За «ўдзел у акцыі пратэсту» затрымалі настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Галіну Тарноўскую. Жанчына працуе ў мінскай гімназіі №37. З ёй таксама хапісалі «пакаяльнае відэа».
7 чалавек папоўнілі спіс палітвязняў «Вясны». Усяго на дадзены момант у гэтым спісе 1267 чалавек. Ініцыятыва dissident.by налічвае 1547 палітычных зняволеных.
Палітвязня Арцёма Анішчука асудзілі па новай крымінальнай справе за допіс у закрытым тэлеграм-чаце, які нібыта абразіў міліцыянта. Арцём павінен быў выйсці на волю 29 чэрвеня, адбыўшы цалкам прысуджаны яму тэрмін, але яго ўзялі пад варту па новай крымінальнай справе — нібыта за «абразу прадстаўніка ўлады».
У Гродне з залы суду выдалілі Мікалая Аўтуховіча праз адмоўны адказ палітзняволенага на пытанне, ці можа ён сядзець. Мікалай адказаў, што можна толькі ляжаць (нагадаем, палітвязень 15 дзень трымае сухую галадоўку). У медыцынскім аглядзе яму было адмоўлена.
У Брэсце асудзілі 30-гадовага Васіля Чыха па арт. 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». 16 сакавіка 2022 года Васіль нібыта «размясціў у адным з публічных чатаў відэазапіс з загадзя непраўдзівымі звесткамі пра эканамічнае і сацыяльнае становішча Рэспублікі Беларусь». Яго пакаралі 1,5 гадамі пазбаўлення волі.