У Брэсце і Гомелі пачалі судзіць за «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне ва Украіне»
У панядзелак, 25 ліпеня, у Брэсцкім абласным судзе пачаўся першы суд па па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы). Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Артыкул 361-3 прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў калоніі.
Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Брэста Сяргей
Вайцюк. Справу разглядае суддзя Святлана Крамянёўская. Менавіта гэтая суддзя ў лютым 2021 года
пасмяротна прызнала вінаватым у супраціве міліцыянту (арт. 363 КК) забітага
Генадзя Шутава, які 11 жніўня атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву падчас
пратэстаў у Брэсце. Таксама яна асудзіла да 10 гадоў зняволення сябра Генадзя
Аляксандра Кардзюкова.
Пасяджэнне пазначана як адкрытае, наступнае — заўтра.
Сёння ў
Гомельскім абласным судзе распачынаецца працэс над Міхаілам Лістападавым. Яго
будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 1 арт. 361-1 і
арт. 342. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Аляксей Хлышчанкоў,
які асудзіў чатырох палітвязняў — Таццяну Канеўскую, Юрыя Уласава, Дзмітрыя
Івашкова, Аляксандра Шабаліна — па «справе захопу адміністрацый».