Выбух у Аленаўцы: Чырвоны Крыж не атрымаў доступ да калоніі, Падаляк назваў здарэнне тэрактам

Раней пры ўдары па калоніі загінулі як найменей 53 украінскія палонныя. У Кіеве вінавацяць Расію ў іх наўмысным забойстве.

alenauka_1.jpg

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа паведаміў, што не атрымаў доступу да калоніі ў Аленаўцы ад расійскіх уладаў, якія кантралююць рэгіён, напісала арганізацыя ў твітары. Раней яна заяўляла, што гатовая падтрымаць вяртанне і перадачу астанкаў людзей і плануе даносіць навіны да сем’яў, якія страцілі сувязь з блізкімі ў выніку расійска-ўкраінскага канфлікту.
«Адзначым, што наша ўчорашняя просьба аб доступе да вайсковапалонных з калоніі Аленаўка не была задаволеная. Прадастаўленне МКЧК доступу да палонных з'яўляецца абавязкам бакоў канфлікту ў адпаведнасці з Жэнеўскімі канвенцыямі», — напісала арганізацыя.
Такім чынам, Расія парушыла Жэнеўскую канвенцыю. МКЧК абяцае прасіць аб доступе да калоніі і далей. Супрацоўнікі Чырвонага Крыжа таксама хочуць праінспектаваць, ці атрымліваюць параненыя палонныя належную дапамогу.
У калоніі ў Аленаўцы 29 ліпеня загінулі прынамсі 53 украінскія вайскоўцы, якія ўтрымліваліся ў палоне.
Расія і прарасійскія сепаратысты ў Данецку заяўляюць, што ўдар па калоніі быў нанесены ўкраінскім войскам. Масква называе тое, што здарылася, ваенным злачынствам, учыненым Украінай. Кіеў гэта адмаўляе і заяўляе, што атаку ўчыніла Расія.
Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў тэрактам гібель 53 украінскіх ваеннапалонных у калоніі ў Аленаўцы Данецкай вобласці пры нявызначаных абставінах.
Паводле яго слоў, спадарожнікавыя здымкі тэрыторыі паказваюць, што пашкоджаны толькі адзін будынак — і менавіта ў яго перавялі палонных прама перад тэрактам. Аналіз фота, паводле яго слоў, гаворыць аб выбуху тэрмабарычнага снарада ўнутры.
«Удар? Не, тэракт», — напісаў Падаляк.
Украінская разведка сцвярджае, што выбух у калоніі арганізавалі «вагнераўцы», каб схаваць крадзеж грошай, выдзеленых на ўтрыманне ваеннапалонных.