«З'язджайце, куды з'язджаецца». Расіян заклікаюць уцякаць з краіны нелегальна
Пасля таго, як 21 верасня апантаны вайной з Украінай Пуцін абвясціў вайсковую мабілізацыю, з Расію пачалі масава з'язджаць мужчыны прызыўнога ўзросту.
У выніку зараз сітуацыя за выездам вельмі напружаная. Неймаверны попыт на квіткі на самалёты і цягнікі (шмат на якія маршруты яны ўжо скончыліся), вялізныя чэргі на межах амаль з усімі суседнімі краінамі, вялізнай папулярнасцю карыстаецца Беларусь.
На тле гэтага ў эфіры тэлеканала «Дождь» заснавальніца «Гайда па рэлакацыі ў свабодны свет» Ірына Лабаноўская заклікала расійцаў уцякаць з Расіі нелегальна, наўпрост перасякаючы межы без аніякіх дакументаў на дазвол і па-за пунктамі пераходу.
Яна параіла суайчыннікам, якія не хочуць ваяваць і якія не маюць іншых спосабаў пазбегнуць прызыву, шукаць у адмысловых чатах людзей, якія будуць садзейнічаць такім уцёкам.
«Такія людзі ёсць», — запэўніла Лабаноўская.
Таксама яна нагадала, што ёсць тры краіны, куды грамадзяне Расіі могуць патрапіць наогул без замежнага пашпарта — гэта Арменія, Кыргызстан і Казахстан. (Насамрэч Беларусь з'яўляецца чацвёртай такой дзяржавай).
Пры наяўнасці замежнага пашпарта расійцы могуць без візы патрапіць яшчэ ў два дзясятка краін — ад Сербіі і Босніі да Кубы і Нікарагуа.
Лабаноўская дадалі, што маршруты расійцы цяпер будуюць так, што «з Уладзівастока ляцяць у Грузію».
Паводое яе меркавання, у любы момант сцежкі з РФ могуць быць закрытыя (у тым ліку па рашэнні расійскіх уладаў). А пасля 27 верасня, калі на акупаваных тэрыторыях Украіны пройдуць так званыя «рэферэндумы», супраць Расіі амаль гарантавана будуць уведзеныя новыя міжнародныя санкцыі. Гэта яшчэ больш звузіць магчымасці расійскіх мужчын пазбегнуць мабілізацыі.
Адзначым, што некаторыя краіны ЕС ужо заявілі, што не будуць упускаць на сваю тэрыторыю расійцаў, якія ухіляюцца ад мабілізацыі. Так зрабілі Эстонія, Латвія і Чэхія. Германія, наадварот, гатовая даваць прытулак такім людзям.
Цікава, што фармальна безвіз у Расіі дзейнічае і з Украінай, але тут «вы самі ўсё разумееце».