У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 23 прозвішчы — цяпер у ім 5898 чалавек. Хронікі рэпрэсій 17 кастрычніка
МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых, у спіс дадалі фігурантку справы «дваровых чатаў» Марыну Петражыцкую, а таксама трох чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».

«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.
Былы палітвязень Мікалай Казлоў з'ехаў з Беларусі
Пра гэта паведамляе @zerkalo_io са спасылкай на Офіс Святланы Ціханоўскай.
Мікалай Казлоў з'ехаў з краіны некалькі тыдняў таму. Чакаецца, што 20 кастрычніка экс-палітвязень выступіць на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі.
Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.
27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам. Мужчына цалкам адбыў тэрмін і ў 2024 годзе выйшаў на волю.
Палітвязня Аляксандра Казлянку асудзілі яшчэ на паўтара года зняволення
У кастрычніку 2025 года ў Наваполацку адбыўся чарговы суд над палітзняволеным анархістам Аляксандрам Казлянкам. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), піша @belarus_abc. Суд прызначыў Аляксандру яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да шасці гадоў калоніі.
Нагадаем, Аляксандр — актывіст з Брэста, сябар «Свабоднага прафсаюза». Палітвязня жорстка затрымалі раніцай 2 сакавіка 2021 года на вачах маці і бацькі, паклаўшы яго на падлогу тварам уніз.
Пазней Казлянка расказаў у лістах пра збіванні і катаванні пасля затрымання.
У Беларусі сілавікі працягваюць шукаць удзельнікаў пратэстаў
Выданне «Браслав-online» паведаміла, што «на тэрыторыі Беларусі праходзіць спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Вышук», мэта якога — выяўленне месца знаходжання падазраваных у злачынствах, зніклых без вестак, даўжнікоў усіх катэгорый».
Мясцовае выданне публікуе пададзеныя сілавікамі прозвішчы, апісанні і партрэты тых, каго шукаюць.
Сярод іншага паведамляюць, што грамадзянка Украіны і муж вядомай журналісткі знаходзяцца ў вышуку паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), піша @radiosvaboda.
Яшчэ аднаго чалавека шукаюць за ўхіленне ад прызыву ў войска.
У пачатку кастрычніка адбыліся затрыманні па «справе Гаюна»
«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 106 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі да гэтага часу. Па звестках «Вясны», напачатку кастрычніка затрымалі мінімум двух мужчын.
З пачатку верасня ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі 68 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Гэта больш чым траціна ад усіх людзей, якіх дадалі ў спіс за гэты час. Частка з гэтых людзей — фігуранты «справы Гаюна», пра якіх невядома праваабаронцам.
Таксама ў Беларусі амаль кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе. Фігурантам прызначаюць як «хімію» з накіраваннем, так і калонію. Справы некаторых людзей перадаюць з Мінску ў рэгіянальныя суды.
Па вяртанні з Польшчы ўчора была затрымана беларуска
Праваабаронцам вядома, што яе знялі з рэйсавага аўтобусу на мяжы з Беларуссю. Таксама працягваюцца масавыя допыты ўкраінцаў.
Кожны дзень у беларускіх пунктах пропуску працягваюцца праверкі тэлефонаў, допыты і затрыманні. Усіх затрыманых да суда змяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшым ад мытні горадзе, пасля чаго прызначаюць або штраф і вызваляюць, або даюць «суткі». Вядома, што некаторых затрымліваюць па крымінальных справах.