Павел Усаў: Вайна перанясецца на тэрыторыю Беларусі — пытанне толькі ў маштабах і часе

Палітолаг Павел Усаў разважае ў сваім тэлеграме, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну паляцелі ракеты. Таму ракетны ўдар з боку Украіны па вайсковай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі непазбежны.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_805_logo_1.jpg

 «Вельмі ўражвае цярплівасць украінцаў і іх стрыманасць у дачыненні да Беларусі, — піша палітолаг у сваім тэлеграм-канале. — Зразумела, што зараз уся ўвага і рэсурсы УСУ сканцэнтраваныя на ўсходзе і поўдні краіны, дзе рыхтуецца контрнаступ.

Украінцы з роспаччу і бяссіллем вымушаны глядзець на тое, што робіцца з напрамку Беларусі. Сістэмныя і масавыя абстрэлы — намаганне Масквы сарваць наступленне на Херсон.

Але раней ці пазней тэрыторыю краіны чакае лес Антонаўскага мосту. Лукашэнка ратуецца толькі ўскосным шантажом: "калі вы ўдарыце, то мы пойдзем на вас вайной". Але гэта не будзе працаваць доўга.

Так як і маскоўцы пужаюць атамнай зброяй. Але ракетны ўдар па расійскай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі непазбежны — і вайна так ці інакш перанясецца на тэрыторыю Беларусі. Пытанне толькі ў маштабах і часе».

Нагадаем, учора, 28 ліпеня, з Беларусі па Украіне запусцілі больш за 20 ракет. Пра гэта заявілі ўкраінскія вайскоўцы.

А сёння, 29 ліпеня, у эфіры ўкраінскага тэлемарафону старшыня Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус заявіў, што цяпер Украіна сур’ёзна ставіцца да пагрозы наступу па сушы з тэрыторыі Беларусі на Чарнігаўскую вобласць, і армія да гэтага рыхтуецца.

"Амаль усе ракеты, якія выпушчаныя ў апошні час, яны ўсе выпушчаныя з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Артылерыйскія абстрэлы на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці ўсе ажыццяўляюцца з тэрыторыі Расіі. Адпаведна, мы бачым пагрозу магчымага наступу па сушы з тэрыторыі Беларусі і да гэтага гатовыя", — сказаў ён.