Абстрэлы гарадоў і «рэферэндум» пра далучэнне да РФ. 212-ы дзень вайны ва Украіне
Абстрэлы ў Днепрапятроўскай вобласці і выбухі ў Запарожскай. Людзі баяцца выходзіць з дому. А страх на руку тым, хто зладзіў «рэферэндум». Трэба, каб у першы дзень «галасавання» дома ўсе ціха сядзелі па хатах.
Раніцай у Днепрапятроўскай вобласці абстралялі Нікапаль і Марганец. Пра гэта паведамляе кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка. «У Марганцы два чалавекі загінулі — мужчына і жанчына. Паводле папярэдняй інфармацыі, яшчэ дзевяць параненыя. Траіх з іх ратавальнікі дасталі з-пад завалаў», — напісаў ён.
Паводле МУС Украіны, снарады пашкодзілі восем дамоў, адзін — разбурылі. Без святла засталіся больш за дзве тысячы сем'яў. У Нікапалі пашкоджана 10 дамоў.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі сем мірных жыхароў: трое ў Бахмуце, двое ў Тарэцку, па адным у Часівым Яры і Кляшчэеўцы. Яшчэ 17 чалавек атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Павел Кірыленка. Ратавальнікі ноччу дасталі 19 чалавек, сярод якіх двое дзяцей, з разбітага дзевяціпавярховіка ў Тарэцку. Расійская ракета трапіла ў жылы дом учора ўвечары. Ад удару ў адным з пад'ездаў абрынуліся пліты перакрыцця з 9-га па 7-ы паверхі. Вялікіх чалавечых ахвяр няма толькі таму, што пераважная большасць жыхароў эвакуіравалася: з 53 кватэр заселенымі заставаліся дзесяць.
На акупаванай частцы Запарожскай і Херсонскай абласцей, а таксама ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР на 23-27 верасня запланаваны так званыя «рэферэндумы» аб далучэнні да Расіі. Галасаванне ўжо распачалося. Украіна, гэтак жа як краіны Захаду, заявіла, што гэта «галасаванне» не будзе мець ніякіх законных юрыдычных наступстваў.
Кіраўнік Мелітопаля Іван Фёдараў паведаміў, што ў горадзе, размешчаным у акупаванай расійскімі войскамі Запарожскай вобласці, а 7:00 раніцы пачуўся моцны выбух. «Людзі баяцца выходзіць з дому. А гэты страх на руку акупантам: у першы дзень «галасавання» дома на псеўдарэферэндуме ім трэба, каб усе ціха сядзелі па хатах», — адзначыў ён.
Першы намеснік кіраўніка Херсонскага аблсавета Юрый Сабалеўскі папярэдзіў мясцовых жыхароў, што сёння рускія захопнікі пачнуць хадзіць па дамах, «настойліва прапаноўваючы» прагаласаваць на «рэферэндуме». Ён заклікае проста не адкрываць дзверы, а калі ўсё ж адкрылі — ні ў якім выпадку не браць «бюлетэні» і не запаўняць іх. Лепшым абгрунтаваннем адмовы будзе «Я не хачу потым сядзець у турме». «Гэтае шоу ніякіх юрыдычных наступстваў ні для Украіны, ні для міжнароднай супольнасці не нясе, але ў людзей, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме, могуць быць потым юрыдычныя праблемы», — нагадаў Сабалеўскі.
УСУ штурмуюць горад Ліман у Данецкай вобласці, паведаміла брытанская выведка. За апошнія тры дні ўкраінскія сілы захапілі плацдармы на ўсходнім беразе ракі Аскол у Харкаўскай вобласці, на якім расійскія войскі спрабавалі пабудаваць умацаваную абарончую лінію пасля свайго адступлення ў пачатку верасня, піша брытанская выведка ў сваёй свежай штодзённай зводцы.
На поўдзень, у Данецкай вобласці, баявыя дзеянні працягваюцца, украінскія сілы штурмуюць горад Ліман, які расійскія войскі захапілі ў траўні, гаворыцца ў справаздачы.
Сітуацыя на полі бою застаецца складанай, адзначаюць брытанцы, але Украіна цяпер аказвае ціск на тэрыторыю, кантроль над якой неабходны Расіі для сваіх ваенных мэт.
Амерыканская разведка лічыць, што ў расійскіх узброеных сілах ёсць сур'ёзныя рознагалоссі наконт стратэгіі процідзеяння наступу УСУ, піша CNN са спасылкай на крыніцы. Паводле іх звестак, Пуцін сам дае ўказанні генералам на месцах. «Вельмі незвычайная тактыка кіравання ў сучасных Узброеных сілах, якая, са слоў гэтых крыніц, намякае на неэфектыўную камандную структуру, ад якой РФ пакутавала з пачатку вайны», — піша выданне.
З перахопленых выведкай размоў бачна, як расійскія афіцэры спрачаюцца паміж сабой і скардзяцца сябрам і сваякам на радзіме на рашэнні, якія прымаюцца Масквой. Таксама, паводле выведкі, ва Узброеных сілах РФ ёсць рознагалоссі наконт стратэгіі: спрачаюцца, на чым варта засяродзіць свае намаганні для ўмацавання абарончых рубяжоў.
Паводле ВВС, УНІАН; korrespondent.net