Зяленскі прапанаваў рускім здавацца

Варыянты для рускіх, каб выжыць: пратэставаць, змагацца, уцякаць або здавацца ва ўкраінскі палон. Зяленскі паабяцаў, што палонных расіян не выдадуць РФ, калі яны самі гэтага не захочуць.

zjalenski_11.jpg

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да расіян з нагоды мабілізацыі на вайну супраць Украіны і заклікаў пратэставаць або здавацца ў палон.

Пра гэта Уладзімір Зяленскі сказаў у сваім вячэрнім відэазвароце.

«Калі Расія заяўляе, што быццам бы хоча перамоў, а сама абвяшчае мабілізацыю... Калі Расія ведае выразную пазіцыю Украіны пра немагчымасць дыпламатычнага працэсу пасля правядзення Расіяй якіх-небудзь псеўдарэферэндумаў... Усім усё зразумела. Расія сама хавае перспектыву перамоў сваімі ж рукамі», — сказаў Зяленскі.

Ён адзначыў, што ў гарадах Расіі прайшлі пратэсты супраць «частковай мабілізацыі»: «У гарадах Расіі прайшлі пратэсты супраць мабілізацыі. І хай і не масавыя, але яны былі. І ёсць. І гэта паказчык. Не толькі ў Маскве і Пецярбургу. Мы ведаем рэальны настрой у рэгіёнах Расіі. Мы бачым, што людзі ў Дагестане, у Бураціі, у іншых нацыянальных рэспубліках і абласцях Расіі разумеюць, што іх проста кінулі. Кінулі на смерць», — сказаў Зяленскі.

Зяленскі звярнуўся да расіян і адзначыў, што ўсё гэта здарылася таму, што яны маўчалі і маўчаць: «І цяпер для вас час выбару. Для мужчын у Расіі гэта выбар — загінуць або жыць, стаць калекам або захаваць здароўе. Для жанчын у Расіі выбар — страціць назаўсёды мужоў, сыноў, унукаў ці ўсё ж такі паспрабаваць абараніць іх ад гібелі, ад вайны, ад аднаго чалавека».

«Дзясяткі тысяч параненых, скалечаных. Хочаце больш? Не? Тады пратэстуйце. Змагайцеся. Уцякайце. Або здавайцеся ва ўкраінскі палон. Гэта варыянты для вас, каб выжыць», — сказаў Зяленскі.

Паводле тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага