Washington Post: ЗША ўжо некалькі месяцаў папярэджваюць Расію пра наступствы выкарыстання ядзернай зброі

У сваёй публікацыі выданне нагадвае аб недвухсэнсоўных ядзерных пагрозах з боку расійскіх кіраўнікоў, у тым ліку Уладзіміра Пуціна і намесніка сакратара Савета бяспекі РФ Дзмітрыя Мядзведзева.

13136.jpg


Газета таксама прыводзіць цытату з нядаўняга інтэрв'ю Байдэна, у якім той заявіў, што ў выпадку прымянення ядзернай зброі Расія «памяняе аблічча вайны, і гэта нельга будзе параўнаць ні з чым пасля Другой сусветнай вайны».

Як піша Washington Post, Дзяржаўны дэпартамент ЗША падтрымлівае па гэтым пытанні непублічныя кантакты з Масквой. Аднак крыніцы газеты не далі інфармацыі пра тое, хто менавіта перадаваў паведамленні Вашынгтона, і што канкрэтна ў іх гаварылася. Няясна таксама, ці адпраўлялі ЗША новыя пасланні пасля нядаўняга выступу Пуціна, у якім той абвясціў аб мабілізацыі і падтрымцы «рэферэндумаў» у акупаваных Расіяй частках Украіны.

Washington Post называе падобную палітыку Вашынгтона спробай падтрымліваць «стратэгічную нявызначанасць» — канцэпцыю, згодна з якой праціўнік ніколі не павінен быць да канца ўпэўнены, якою менавіта будзе рэакцыя іншага боку на магчымую ядзерную эскалацыю.


Зрэшты, эксперты, з якімі гаварылі аўтары публікацыі, гатовыя разважаць на гэтую тэму.

Прафесар Джорджтаўнскага універсітэта Мэцью Кронінг лічыць, што найлепшым адказам ЗША на прымяненне Масквой ядзернай зброі было б рэзкае ўзмацненне падтрымкі Украіны і нанясенне амерыканскага ўдару звычайнымі ўзбраеннямі па расійскім войскам або базам, якія запускалі ракеты.

«Калі ядзерную атаку правялі расійскія войскі ва Украіне, ЗША могуць ударыць непасрэдна па гэтых сілах, — лічыць аналітык. — Такі крок будзе патрэбны, каб ясна даць зразумець, што Вялікай вайны не будзе, гэта абмежаваны ўдар. Як бы вы адрэагавалі на месцы Пуціна? Я не думаю, што ў такім выпадку неадкладным адказам будзе запуск ядзерных ракет па ЗША».

Аднак у публікацыі сказана, што многія ў Вашынгтоне палічаць непрымальным нават такі абмежаваны ўдар звычайнай зброя. Для прыхільнікаў такога падыходу рызыку поўнамаштабнай ядзернай вайны з Расіяй нельга апраўдаць.

Як кажа кіраўнік праграмы Фонду Карнегі Джэймс Актон, цяпер няма сэнсу разважаць аб амерыканскім адказе на расійскі ядзерны ўдар, паколькі роскід магчымых варыянтаў расійскіх дзеянняў занадта вялікі. На ягоную думку, Расія можа абмежавацца дэманстратыўным крокам, ад якога ніхто не пацерпіць (такім як падземнае выпрабаванне ядзернай зброі) — ці ж нанесці паўнавартасны ўдар, ад якога загінуць дзясяткі тысяч мірных жыхароў.

Але, як перакананы Актон, пакуль няма прыкмет таго, што Пуцін схіляецца да такога сцэнару. «Калі б ён сапраўды сур'ёзна разглядаў прымяненне ядзернай зброі ў бліжэйшы час, ён практычна ўпэўнена хацеў бы, каб мы пра гэта ведалі, — сказаў эксперт Washington Post. — Ён палічыў за лепшае б пагражаць — і такім чынам прымушаць нас пайсці на саступкі, а не сапраўды ісці па шляху ядзернага ўдару».

Паводле ВВС, пераклад НЧ