Святлана Алексіевіч: Мае кнігі ніяк не становяцца гісторыяй, усё рухаецца па адным і тым жа коле

Беларуская лаўрэатка прэміі Нобеля на кніжным фэсце ў Вільні падзялілася сваімі думкамі адносна падзей, сведкамі якіх мы з'яўляемся. Занатавала «DW».

aleksievicz_3.jpg

«Я ўпэўнена, што Пуцін не пераможа», — заявіла Святлана Алексіевіч. Пісьменніца казала больш пра палітыку, чым пра літаратуру. Зрэшты, усе яе кнігі — аб жыцці, якое якраз і ламае гэтая самая палітыка.
«Мае кнігі ніяк не становяцца гісторыяй, усё рухаецца па адным і тым жа коле», — адзначыла пісьменніца. У сваім выступе яна расказала, што думае пра вайну ва Украіне і рэвалюцыю ў Беларусі, а таксама чаму на Захадзе пакуль не хочуць ставіць спектаклі і здымаць фільмы па яе кнігах.
Апошняя кніга Алексіевіч выйшла ў 2013 годзе — «Час сэканд-хэнд». У ёй яна расказвае, як марксіцка-ленінская ўлада за 70 гадоў зрабіла новы тып чалавека — Homo sovieticus. Тады аўтарцы падавалася, што яна вельмі добрае ведае гэтага чалавека. Сёння, калі Расія ваюе з Украінай, пісьменніца прызнаецца, што была наіўнай.
«Як і вы ўсе, я перажыла ўзрушэнне пасля пачатку вайны, — прызналася Святлана Алексіевіч. — Яшчэ не скончылася рэвалюцыя ў Беларусі, як пачалася вайна ва Украіне, якая перавярнула ўвесь свет. Першыя дні я правяла ў слязах, таму што я напалову ўкраінка, памятаю дзяцінства, якое прайшло ва Украіне, памятаю прыгажосць тых мясцін. І якое шчасце было ўбачыць, што Украіна не ўпала, дала ўсім нам шанц паверыць у нашу агульную будучыню.
Бо пагрозы ішлі і Малдове, і Літве, і Польшчы. Цяжка нават уявіць сабе той свет, калі б перамог Пуцін. Але ён не пераможа. Сёння я б пісала аб тым, што была наіўнай, калі ў сваёй апошняй кнізе зрабіла падзагаловак «Канец чырвонага чалавека». Не, гэта не канец, толькі сёння па-сапраўднаму падае і адыходзіць у гісторыю Савецкі Саюз. Нам падавалася, што гэта адбудзецца без крыві. Не, крыві ўжо многа, а будзе яшчэ больш. І я сёння пішу пра гэта кнігу».
Сённяшняя вайна да болю нагадвае падзеі ў Афганістане, пра што Алексіевіч пісала ў кнізе «Цынкавыя хлопчыкі».
«Тое, што адбываецца сёння ў Расіі, — адзін да аднаго што рабілася падчас афганскай вайны, — заўважыла пісьменніца. — Тыя ж крэматорыі, якія спрабуюць схаваць. Той жа падман маці і народа — колькі загінула, як загінула. Але немагчыма ўявіць, каб тады маці ці жонка крычала: "Ды ты забівай іх, гвалтуй, я табе дазваляю, як мага больш гвалтуй".

aleksievicz_2_1.jpeg

За 30 гадоў, пакуль Пуцін ва ўладзе, ён уклаў вялізныя грошы ў прапаганду свайго ўяўлення аб будучыні Расіі — што трэба вярнуць імперыю. Калі была дэмакратыя, пры Гарбачове і Ельцыне, тэлебачанне не размаўляла з людзьмі. Эліта ў Маскве і Пецярбургу казала сябар з сябрам. Гэтую памылку ўлічыў Пуцін. Я нядаўна ехала ў цягніку, і мне адзін стары сказаў: "Вы ведаеце, мы ўсё жыццё жылі ў лагеры. І раптам нас выпусцілі за вароты. Мы выйшлі, але не ведаем, што такое свабода: куды ісці і што рабіць. І пачалі рабіць тое ж самае. І гэта адбываецца на нашых вачах"».
Сёння ў працы ў Святланы Алексіевіч, акрамя кнігі аб падзеях ва Украіне, тры рукапісы — кніга пра каханне, старасць і беларускую рэвалюцыю 2020 года.
«Першым узрушэннем была наша беларуская рэвалюцыя ў 2020 годзе, калі жанчыны выйшлі ў белым з кветкамі, — сказала пісьменніца. — Гэта было вельмі прыгожае відовішча. Тады я падумала, як я была няправая, калі ў мяне часам узнікалі думкі, што я хачу з'ехаць з Беларусі. Не, я хачу жыць у гэтай краіне, сярод маіх людзей. Потым была страшная жорсткасць улады, якая працягваецца дагэтуль. Напэўна, мы былі наіўныя, але ўсё-ткі стварылі сябе і новую культуру змагання. Чалавечае жыццё вышэй за ўсё. Я не хачу коштам крыві дабівацца перамогі».
Сёння Беларусь, на думку Алексіевіч, акупавана. «Калі вы паедзеце на Палессе, то ўбачыце там рускія танкі, самалёты і пяхоту. Лукашэнка ўжо не вырашае, вырашаюць зусім іншыя людзі, — падкрэсліла яна. — Народ прыніжаны, 50 тысяч чалавек прайшлі праз турмы, і кожны дзень працягваюцца арышты. І гэтая гістарычная траўма будзе вельмі доўгай. Але ведаючы беларусаў, я думаю, гэта скончыцца нейкім выбухам. Гэта як спружына: вы яе сціскаеце, але яна стрэліць».