Паліну Шарэнда-Панасюк зноў збіраюцца судзіць за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі

Муж палітзняволенай напісаў, што на Паліну заведзена чарговая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 411.

szarenda_panasjuk.jpg

«Прыйшла кароценькая вестка ад Паліны. Стала вядома, што 9 кастрычніка Паліна выйшла з ШІЗА пасля 40 содняў знаходжання там. Але ўжо былі падрыхтаваныя новыя паперы па змяшчэнні яе ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на два месяцы.
Магчыма, Паліна ўжо знаходзіцца там.
Таксама стала вядома, што на Паліну заведзена чарговая крымінальная справа па частцы 2 артыкула 411 (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Пасля адбыцця тэрміну ў ПКТ Полю могуць перавесці ў СІЗА-3 Гомеля», — паведаміў у Facebook муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.  
Нагадаем, на пачатку 2022 Паліну чарговы раз судзілі. 
Справу на выязным пасяджэнні разглядаў суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Крупадзёраў, які прызначыў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Паліна Шарэнда-Панасюк — першая палітзняволеная жанчына ў Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле.

Як паведамляе яе муж Андрэй Шарэнда, нікога з родных і сяброў на суд не прапусцілі. Пракурор запрасіў для Паліны год зняволення — менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя.

«Але нягледзячы ні на што, Паліна не губляе аптымізму. Яна лічыць сябе не зняволенай, а ваеннапалоннай і далей працягвае барацьбу. Паліна перадае прывітанне ўсім, хто змагаецца за свабоду як мірнымі шляхам, так і са зброяй у руках. Яна верыць, што гэтай вясной усё атрымаецца і ва ўкраінцаў, і ў беларусаў. Галоўнае — не спыняцца і працягваць барацьбу!» — напісаў Андрэй у сацсетках.

Паліну ў хуткім часе перавядуць у гомельскі СІЗА, і да апеляцыі яна будзе знаходзіцца там.

Нагадаем, маці двух непаўналетніх сыноў у чэрвені мінулага году асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паліну абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 364 («Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі»), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

У канцы 2021 года Паліну ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у карцары, а потым змясцілі ў ПКТ да 18 сакавіка. У лютым стала вядома, што супраць палітзняволенай узбудзілі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне» адміністрацыі турмы (ч. 2 арт. 411 КК).

«На Паліну заведзена новая крымінальная справа. Гэта сумнавядомы арт. 411 КК РБ, той самы артыкул, па якім вязня за кратамі можна трымаць бясконца доўга… Адказным за чарговы ціск на Паліну з'яўляецца начальнік гомельскай калоніі падпалкоўнік Талсцянкоў Дзяніс Анатольевіч», — пісаў тады муж Паліны.
Падтрымайце Паліну: ПК №24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г.п.Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Паліне Сяргееўне Шарэнда-Панасюк