Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 17 кастрычніка

Расказваем пра галоўныя навіны, якія адбыліся сёння ў краіне.

militia_696x522.jpg


Сталі вядомыя прысуды фігурантам «справы Аўтуховіча». Ім прысудзілі самыя вялікія тэрміны ў гісторыі палітычнага пераследу пры Лукашэнку: Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, першыя пяць з якіх ён павінен правесці ў турме, і 1000 базавых велічынь штрафу; Уладзіміру Гундару — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і 800 базавых велічынь штрафу; Вользе Маёравай — 20 гадоў калоніі агульнага рэжыму і 800 «базавых» штрафу. Прысуды астатнім фігурантам справы можна паглядзець тут.
У Расію з беларускай калоніі выдалі палітвязня Аляксандра Геджадзэ. Мужчына з'яўляецца грамадзянінам Расійскай Федэрацыі і быў прысуджаны ў Беларусі да трох гадоў пазбаўлення волі па арт.342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). А з Расіі ў Беларусь экстрадавалі палітзняволенага Юрыя Касцюка. Ён адбываў пакаранне за «здзек з дзяржаўных сімвалаў», а пасля вызвалення быў затрыманы КДБ за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» і асуджаны на 15 сутак. У траўні яго затрымалі ў Сочы.
Чарговая крымінальная справа заведзеная на палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк. І зноў — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Папярэднім разам аналагічную справу на жанчыну заводзілі на пачатку 2022 года.
Затрымалі актора і ўладальніка фотастудыі «Філамена» Дзяніса Нікіціка. Яго абвінавачваюць ва «ўдзеле ў акцыях пратэсту» і «абразах прадстаўнікоў улады ў каментарах». Нікіцік здымаўся ў расійскіх серыялах, а таксама ў праўладным праекце «Мы, браты (Код Каіна)».
На сустрэчы з рабочымі МТЗ старшыня КДБ Іван Тэртэль заявіў, што «тэрарыстаў будуць знішчаць». Пад «тэрарыстамі» маюцца на ўвазе апаненты рэжыму, якіх КДБ унесла ў адпаведны спіс. Пры гэтым Тэртэль сказаў, звяртаючыся старэйшага пакалення рабочых, што «адседзецца пад плінтусам не атрымаецца».
За павышэнне цэн на тавары затрымалі двух супрацоўнікаў сеткі крам «Дабраном». У дачыненні да іх заведзеная крымінальная справа. Як заяўляе Камітэт дзяржкантролю, цэны былі павышаныя на 30 таварных пазіцый нягледзячы на тое, што ў краіне ўведзеная забарона на павышэнне цэн.