Мікалаю Аўтуховічу вынеслі прысуд — 25 гадоў, Агулам фігурантам справы прысудзілі больш за 197 гадоў

Сёння, 17 кастрычніка, вынеслі прысуд па «справе Аўтуховіча». Фігурантам справы прысудзілі аграмадныя тэрміны.

avtuhovich09.jpg

У Гродне сёння вынеслі прысуды па справе ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, разам з ім судзілі 11 чалавек. Удзельнікаў «групы Аўтуховіча» абвінавачвалі паводле 15 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, піша «Люстэрка».

Суд па «справе Аўтуховіча» распачаўся 18 траўня. Усіх фігурантаў справы ўключылі ў тэрарыстычны спіс КДБ.

17 кастрычніка суддзя Максім Філатаў прысудзіў фігурантам «справы Аўтуховіча» агулам 197 гадоў і 7 месяцаў калоніі і амаль 100 тысяч долараў штрафаў, падлічылі праваабаронцы:

Мікалаю Аўтуховічу, якога абвінавачвалі па 12 артыкулах, у ліку якіх «здрада Радзіме» і «акт тэрарызму» — 25 гадоў і штраф у тысячу базавых велічынь (32 000 рублёў). Першыя пяць гадоў ён будзе знаходзіцца ў турме, астатні тэрмін — у калоніі. Таксама рашэннем суда Мікалай Аўтуховіч пазбаўлены звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы;

Уладзіміру Гундару, абвінавачанаму па ч. 1 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК Беларусі («Стварэнне злачыннай арганізацыі, замах на злачынства і захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам») — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.


Вользе Маёравай, абвінавачанай паводле ч. 2 арт. 285, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 3 арт. 130, ч. 3 арт. 361, ч. 4 арт. 295 («Удзел у злачыннай арганізацыі і замах на захоп або ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам», «Распальванне варожасці», «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь», «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») — 20 гадоў калоніі;

Паўлу Саву, абвінавачанаму паводле ч. 2 арт. 285, ч. 3 арт. 289 КК Беларусі («Удзел у злачыннай арганізацыі і ўчыненне актаў тэрарызму») — 20 гадоў пазбаўлення волі і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў);;

Віктару Снегуру — абвінавачанаму паводле па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад) — 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Ірыне Гарачкінай па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і ч. 1 арт. 405 КК (пакрыванне цяжкага злачынства) — 6 гадоў і адзін месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 300 базавых велічыняў штрафу (9 600 рублёў);

Сяргею Рэзановічу па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) — 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).

Любові Рэзановіч па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1. арт. 14 ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 ч. 3 арт. 289 КК (замах на акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай) — 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 600 базавых велічыняў штрафу (19 200 рублёў).

Паўлу Рэзановічу па ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй, здзейсненыя службовай асобай), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акту тэрарызму, здзейсненая арганізаванай групай), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў, здзейсненыя арганізаванай групай) — 19 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і 800 базавых велічыняў штрафу (25 600 рублёў).

Галіне Дзербыш па ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, здзейснены групай асобаў); ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) — 20 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).

Ірыне Мельхер па ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК (падрыхтоўка да акту тэрарызму, зробленая групай асобаў), ч. 2 арт. 285 КК (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — 17 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і 700 базавых велічыняў штрафу (22 400 рублёў).

Антону Мельхеру па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яго вызвалілі ў зале суда, бо залічылі тэрмін утрымання пад вартай. 

Нагадаем, Мікалая Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі яшчэ ў снежні 2020 года. Улады абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі.

У залежнасці ад ролі іх удзельнікаў «групы Аўтуховіча» абвінавацілі агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а матэрыялы справы склалі 65 тамоў. Справу разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Максім Філатаў. Дзяржаўнае абвінавачванне на судзе падтрымлівалі намесніца старшыні пракурора Людміла Герасіменка і старшы памочнік пракурора Рабаў. Народныя засядацелі — Ставорка, Ждановіч і Нічыпор.

Паводле версіі следства, Мікалай Аўтуховіч і ўдзельнікі арганізаванай групы ў ноч з 1 на 2 кастрычніка 2020 года падрыхтавалі запальную сумесь на аснове аўтамабільнага бензіну і іншых гаручых рэчываў. Пасля чаго аблілі гэтай сумессю і падпалілі аўтамабіль «Audi 80» і аднапавярховы жылы дом у Ваўкавыску, якія належалі супрацоўніку міліцыі. У лістападзе 2020 года Мікалай Аўтуховіч і «іншыя ўдзельнікі злачыннай арганізацыі» на тэрыторыі Гродзенскага раёна вырабілі самаробнае выбуховае прыстасаванне на аснове трацілавай шашкі і неўстаноўленага дэтанатара, пасля чаго на вуліцы Вялікая Альшанка ў Гродне ўзарвалі аўтамабіль «Skoda Octavia», які належаў супрацоўніку міліцыі.

Абвінавачванне сцвярджала, што Аўтуховіч рыхтаваў тэракты і збіраў звесткі аб сілавіках па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў. Акрамя гэтага, «група Аўтуховіча» па ўказанні ўкраінскіх спецслужбаў нібыта рыхтавалася захапіць расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі для катаванняў і перадачы атрыманых у іх звестак.


З абвінавачвання Аўтуховічу вынікае, што ўдзельнікаў групы ён выкарыстоўваў для збору інфармацыі аб супрацоўніках праваахоўных органаў і органаў кіравання. Гэта, нібыта, было патрэбна яму для запалохвання, пагроз і абраз, здзяйснення актаў тэрарызму, падпалаў, выбухаў аўтамабіляў і дамоў, для таго, каб прымусіць людзей адмовіцца выконваць свае службовыя абавязкі, і тым самым дэстабілізаваць грамадскі парадак у краіне.

Адзначым, што менавіта суддзя Філатаў прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які памёр у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі пры невыстветленых абставінах.