ЗША могуць адмовіць Украіне ў ракетах Tomahawk, але дадуць іншую дальнабойную зброю
Адміністрацыя Трампа наўрад ці пойдзе на продаж для выкарыстання Украінай дальнабойных ракет Tomahawk. Але цалкам магчыма, прадаставяць Украіне іншыя ракеты далёкага радыусу дзеяння. Украіна ж падзеліцца ЗША сваёй тэхналогіяй ударных дронаў. А Расія, тым часам, зноў купляе зброю ў Паўночнай Карэі. Ідуць 1318-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 162 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 3 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 48 штурмаў расіян у раёнах Уладзіміраўкі, Новага Шахавага, Радзінскага, Новаэканамічнага, Чырвонага Ліману, Зверава, Котліна, Удачнае і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак у раёнах Новамікалаеўкі, Новахацкага, Камышавахі, Сасноўкі і іншых.
На Тарэцкім кірунку армія РФ здзейсніла 17 атак у раёнах Тарэцку, Шчарбінаўкі, Іванаполля, Александра-Калінава, Русінага Яру, Палтаўкі і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 13 разоў каля Карпаўкі, Калодзежаў, Шандрыгалава, Торскага, Грэкаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 9 атак расіян у раёнах Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў, Каменкі.
На Сіверскім кірунку зафіксавана восем боемутыкненяў паблізу Ямпаля, Серабранкі, Выімкі і Івана-Дар’еўкі.
* * *
Для ўзмацнення наступальных аперацый расійскія войскі перадыслакуюць свае сілы з Сумскага кірунку на Данецкі, паведаміў у эфіры тэлеканала «Эспрэса» палкоўнік, намеснік камандзіра брыгады «Спартан» Уладзіслаў Саенка.
«Рускія пастаянна перакідваюць дадатковыя рэзервы ў Данецкую вобласць... Яны робяць гэта для таго, каб павялічыць інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў. Іх далейшыя спробы прасоўвання не спыняюцца, і таму яны спрабуюць нарошчваць сілы і сродкі», — расказаў Саенка.
Палкоўнік адзначыў, што з-за колькаснай перавагі асабовага складу расійскія сілы ўсё ж маюць магчымасць рухацца наперад на асобных участках фронту, хоць гэтыя поспехі нязначныя.
Раней праект DeepState ацаніў тэмпы наступлення расіян у верасні: расійская армія акупавала 259 км² украінскай тэрыторыі. Гэта найменшы паказчык з траўня бягучага года.
* * *
Расійскія войскі ўначы атакавалі Палтаўскую вобласць дронамі і ракетамі. Асноўнай мэтай сталі аб'екты энергетыкі ў рэгіёне. Таксама ў Палтаўскай абшчыне абломкамі пашкоджана прыватнае домаўладанне. Абышлося без пацярпелых.
За мінулыя суткі расійскія войскі ажыццявілі масіраваныя атакі па 17 населеных пунктах Запарожскай вобласці, нанёсшы больш за 600 удараў рознымі відамі ўзбраення. Як паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал начальніка Запарожскай АДА Івана Фёдарава, расіяне за мінулыя суткі накіравалі па рэгіёне 390 БпЛА рознай мадыфікацыі, нанеслі 6 абстрэлаў з РСЗА і 202 артылерыйскія ўдары. Паступіла 15 паведамленняў пра пашкоджанне жылля, аўтамабіляў і аб'ектаў інфраструктуры, ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва няма.
У ноч на 3 кастрычніка падчас паветранай трывогі ў Адэсе і Дняпры былі чутныя выбухі. Пра наступствы пакуль не паведамляецца.
* * *

* * *
Украіна і ЗША плануюць заключыць пагадненне аб дронах, паводле якога Кіеў падзеліцца з Вашынгтонам сваёй праверанай у баях тэхналогіяй дронаў у абмен на раялці або іншыя формы кампенсацыі — кошт здзелкі можа дасягнуць мільярдаў долараў, піша The Wall Street Journal.
Зрэшты, па паведамленні выдання Telegraph, з-за шатдаўна ў ЗША перамовы апынуліся ў падвешаным стане. Аднак прадстаўнік урада ЗША заявіў, што заключэнне дэталізаванага пагаднення, кошт якога можа дасягаць мільярдаў долараў, верагодна, зойме некалькі месяцаў.
Хоць амерыканскія кампаніі вырабляюць высокатэхналагічныя беспілотнікі, украінцы значна апярэджваюць іх у масавай вытворчасці танных беспілотных лятальных апаратаў, якія даказалі сваю эфектыўнасць у баі. «Гэта проста рэальнасць, што нам патрэбны ўкраінскія дронныя тэхналогіі ў ЗША», – пракаментаваў Уільям Макналці, партнёр амерыканскага венчурнага фонду UA1, які інвеставаў у восем украінскіх абаронных кампаній.
Пагадненне аб дронах з'яўляецца часткай пакета, які ўключае асобнае «мегапагадненне», у рамках якога Украіна спадзяецца набыць у ЗША ўзбраенне на дзясяткі мільярдаў долараў, заявіў Уладзімір Зяленскі.
* * *
Адміністрацыя Трампа наўрад ці пойдзе на продаж для выкарыстання Украінай дальнабойных ракет Tomahawk, паколькі бягучыя запасы прызначаны для ВМС ЗША і іншых мэтаў, заявіў Reuters чыноўнік ЗША на ўмовах ананімнасці. Але, паводле яго слоў, цалкам магчыма ЗША прадаставяць Украіне іншыя ракеты далёкага радыусу дзеяння.
Пастаўка ракет Tomahawk Украіне магла б істотна пашырыць яе ўдарныя магчымасці, дазволіўшы паражаць цэлі глыбока на тэрыторыі Расіі, у прыватнасці ваенныя базы, лагістычныя вузлы, аэрадромы і камандныя цэнтры, якія зараз застаюцца недасягальнымі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней казаў, што ЗША і Украіна абмяркоўваюць пастаўкі сістэм узбраення вялікай далёкасці. Вынік будзе залежаць ад рашэння амерыканскага боку.
* * *
У Польшчы адкрылі найбуйнейшы навучальны цэнтр для падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў (Camp Jomsborg), які можа адначасова прыняць да 1200 вайскоўцаў. «Навучальны цэнтр, створаны пры падтрымцы еўрапейскіх партнёраў, у прыватнасці Нарвегіі, забяспечыць падрыхтоўку Сілаў абароны (Украіны) і ўзмоцніць абмен баявым вопытам паміж УСУ і НАТА. Тут мы зможам дзяліцца з партнёрамі, у тым ліку, напрацоўкамі ў прымяненні і процідзеянні дронам», — заявіў на адкрыцці намеснік міністра абароны Украіны генерал-лейтэнант Яўген Майструк.
Рашэнне аб стварэнні навучальнага цэнтра было прынята ў траўні 2025 года. 1 кастрычніка адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Навучальны цэнтр размешчаны на адным з палігонаў сухапутных войскаў Польшчы.
* * *
Расія можа аднавіць таемныя пастаўкі ўзбраенняў з Паўночнай Карэі пасля двухмесячнага перапынку. На гэта ўказваюць свежыя спадарожнікавыя здымкі, што зафіксавалі рух расійскага судна Lady R, якое раней звязвалі з незаконнымі грузамі з КНДР, піша NK Pro.
Згодна з аналізам спадарожнікавых малюнкаў Planet Labs, судна Lady R, якое знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за ўдзел у незаконных аперацыях са зброяй, зноў зафіксавана ў паўночна-ўсходнім порце Расон. Гэты візіт стаў першым за апошнія два месяцы і, як лічаць эксперты, можа сведчыць пра падрыхтоўку да новай загрузкі.
Паводле дадзеных аналітыкаў, 2 кастрычніка судна выгрузіла кантэйнеры ў порце Расон. Да гэтага яно заходзіла ў расійскі порт Усходні, дзе знаходзілася з 24 па 26 верасня, рыхтуючыся да рэйса. Ужо на наступны дзень Lady R магла перамясціцца да суседняга пірса, дзе з сярэдзіны верасня збіраліся новыя кантэйнеры.
Дакладны змест кантэйнераў, якія транспартуюцца са жніўня 2023 года, застаецца нявызначаным. Аналітыкі звяртаюць увагу, што доўгае захоўванне кантэйнераў на прычале без неадкладнай адгрузкі можа азначаць іх пустату альбо выкарыстанне ў якасці прыкрыцця для іншых відаў грузаў. Такая тактыка дазваляе ўскладніць адсочванне рэальнага прызначэння перавозак.