У судзе Уладзіміра Гундара змясцілі ў клетку ў адных майтках, рукі прыкулі кайданкамі да кратаў

Уладзімір Гундар абвясціў сухую галадоўку на знак пратэсту. Палітвязень з другой групай інваліднасці ў зале суда стаяў у клетцы ў адных майтках, рукі былі прыкутыя кайданкамі да кратаў у расцяжцы. Жонка палітвязня Уладзіміра Гундара распавяла пра тое, што яна бачыла і чула на апошніх пасяджэннях па судзе па "справе Аўтуховіча".

Уладзімір Гундар абвясціў падчас катаванняў у судзе сухую галадоўку. Пра гэта распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку дачка палітвязня, Інга.

«У мінулы чацвер на пасяджэнні некаторыя ўдзельнікі суда, якія знаходзяцца на лаве абвінавачаных, звярнуліся да суддзі і пракурора з заявай, каб іх вопратку, у якой яны ідуць на суд, спынілі прасвечваць рэнтгенам, таму што гэта згубна ўплывае на здароўе чалавека. Перад тым, як правесці іх у залу суда, усю вопратку прасвечваюць рэнтгенам (нешта накшталт, як торбы ў аэрапортах прасвечваюць). Пасля гэтага вопратку людзі адразу адзяваюць на сябе.

Суддзя не адрэагаваў на гэтую просьбу — сказаў, што ён да гэтага ніякага дачынення не мае і гэта ўсё робіцца на меркаванне тых людзей, хто прыводзіць вязняў.

У панядзелак быў паўторны зварот да суддзі, але ўсё засталося гэтак жа і словы гаварыліся тыя ж.


Учора тата адмовіўся даваць на прасвечванне вопратку і сказаў, што, калі без гэтага нельга, то ён гатовы не ісці на пасяджэнне, а заставацца ў камеры. Тады яго на руках зацягнулі ў залу пасяджэння ў тым, чым быў апрануты і без абутку.

Адвакат Уладзіміра Гундара ўчора хадзіла на сустрэчу з намеснікам начальніка турмы з гэтым пытаннем (каб адмянілі прасвечванне). Безвынікова.

Сёння, наколькі я разумею, тата гэтак жа адмовіўся даваць вопратку. Вось тое, што ўбачыла татава жонка, калі яна ўвайшла ў залу пасяджэння (іх ўпускаюць пасля адвакатаў) Тата стаяў у клетцы ў адных майтках, рукі былі прышпіленыя кайданкамі да кратаў у расцяжцы. Вядома, тата шмат крычаў і вельмі моцна абураўся.

Калі ўвайшоў суддзя, адвакат папрасіла даць дазвол трохі аслабіць кайданкі або даць магчымасць тату сесці. Ігнор ад суддзі.

Тата заспяваў песню. Суддзя выслухаў і сказаў выдаліць з залы пасяджэння. Тады тата сказаў, што абвяшчае сухую галоўку, і калі да яго будуць прынятыя нейкія гвалтоўныя меры, сказаў, што ён ускрыецца.


Пасля выдалення таты з залы суда адвакат праз сакратара папрасіла суддзю дазволіць спатканне з татам для жонкі. Рэакцыі не было.

Калі суд абвясціў перапынак, адвакат асабіста папрасіла суддзю аб тым жа. Адказ быў, каб мы пісалі заяву ў рэспубліканскі (ці абласны, прабачце, не памятаю дакладна) суд».


Уладзіміра Гундара, 62-гадовага баранавіцкага актывіста і краязнаўцу, супрацоўнікі КДБ затрымалі паўтара гады таму. Уладзімір Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную аперацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпертанію і судзіннае захворванне. Актывіст ужо шмат гадоў носіць пратэз, але той падчас затрымання сілавікі прымусілі зняць. 

Сваякі палітвязня просяць дапамогі грамадзянскай супольнасці, заклікаюць не застацца абыякавымі ды біць ва ўсе званы. 





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: