Аўтуховіч не прызнае абвінавачання і лічыць усіх фігурантаў справы невінаватымі
Мікалай Аўтуховіч заявіў, што людзі, якія знаходзяцца на лаве падсудных разам з ім, ні ў чым не вінаватыя.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, якому інкрымінуюць 12 артыкулаў КК, "не прызнае абвінавачвання цалкам", піша БЕЛТА. Аўтуховіча сёння дапытваюць у судзе. Усяго па гэтай справе праходзяць 12 чалавек, у тым ліку сям'я святара, пенсіянерка і 62-гадовы палітвязень з інваліднасцю. Апошняга — Уладзіміра Гундара — дапытвалі ўчора. Ён таксама не прызнае сваёй віны і адмовіўся даваць паказанні, толькі расказаў у судзе, як яго збівалі пры затрыманні.
Падчас сённяшняга пасяджэння Мікалай Аўтуховіч адказаў на пытанні пра сябе — што служыў у Афганістане, затым да 1993-га года застаўся ў войску. Пасля службы займаўся бізнесам у Ваўкавыску. У яго ёсць маці, сястра, жонка і дачка. Але дзе яны цяпер знаходзяцца, Аўтуховіч казаць адмовіўся. Замест гэтага сказаў, што людзі, якія знаходзяцца на лаве падсудных разам з ім, ні ў чым не вінаватыя.

Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Пазней па беларускім тэлебачанні заявілі, што прадпрымальнік з Ваўкавыска быў кіраўніком тэрарыстычнай групы. Яго падазравалі ў падпале дома мясцовага міліцыянта, падрыве прыпаркаванай машыны сілавіка ў Гродне. Справу Аўтуховіча каментаваў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго версіі, затрыманыя людзі "везлі тонамі зброю праз Украіну".
Паводле Еўр*радыё