Мінюст учора пазбавіў Максіма Знака адвакацкай ліцэнзіі

Адвакат Максім Знак, якога асудзілі на дзесяць гадоў турмы, учора, 8 чэрвеня быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі. Пра гэта паведаміў Мінюст у сваім Тelegram-канале.

Фота з сайта www.newsru.com

Фота з сайта www.newsru.com

У заяве Міністэрства юстыцыі сказана, што Максіма Знака пазбавілі ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць у сувязі з выключэннем з Мінскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама з-за таго, што ўступіў у законную сілу прысуд суда аб прызнанні Знака вінаватым у здзяйсненні наўмыснага злачынства, адзначае Народная Воля.

6 верасня 2021 года Мінскі абласны суд пасля слуханняў справы ў закрытым рэжыме прысудзіў Максіма Знака да 10 гадоў пазбаўлення волі і прызнаў яго вінаватым у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і змове з мэтай захопу ўлады. Марыя Калеснікава была прысуджаная да 11 гадоў пазбаўлення волі.

Сёння суддзя Сяргей Епіхаў, які асудзіў Марыю Калеснікаву і Максіма Знака, разглядае — і таксама ў закрытым судзе — справу філосафа метадолага Уладзіміра Мацкевіча

Максім Знак адбывае пакаранне ў калоніі "Віцьба".