У Гродне затрымлівалі адвакатку Яніну Юргілевіч. Яе дачка таксама адвакатка і таксама сядзіць (абноўлена)
Як паведамляе тэлеграм-канал «Free Belarus Women», 17 кастрычніка перад працэсам па «справе Аўтуховіча» была затрымана адвакатка, якая абараняла аднаго з членаў сям'і Рэзановіч па справе. У сувязі з яе затрыманнем была праведзена замена адваката за вельмі кароткі час. Яніна з'яўляецца маці арыштаванай адвакаткі Юліі Юргілевіч.
«Пры ўваходзе на тэрыторыю турмы каля КПП была затрымана Яніна Эдуардаўна Юргілевіч, мама Юлі. Супрацоўнікі КДБ яе чакалі з бусам на рагу ля турмы. Калі
яна прыйшла, яны далі апазнавальныя сігналы іншым сваім супрацоўнікам,
падагналі хутка іншы бус. З яго выйшаў мужчына, паказаў ксіву <...> і
іншыя два ўзялі гэтую жанчыну пад рукі і павезлі», — распавялі відавочцы.
Мяркуецца, што затрыманне Яніны Юргілевіч можа быць звязана не толькі з вынясеннем прысуду па «справе Аўтуховіча», але і з нядаўнім арыштам яе дачкі — як інструмент псіхалагічнага ціску. На сённяшні дзень Юлія Юргілевіч змяшчаецца ў Гродне, ёй інкрымінуюць тры цяжкія крымінальныя артыкулы.
Нагадаем, учора быў вынесены самы жорсткі «палітычны» прысуд у гісторыі незалежнай Беларусі. «Групе Аўтуховіча» (12 чалавек) прысудзілі агулам амаль 200 гадоў калоніі. Сам Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны да 25 гадоў няволі.
UPD. Як стала вядома, Яніна Юргілевіч ужо на волі. З якой прычыны яна была ўчора затрыманая не ўдакладняецца, але вядома, што мама Юліі Юргілевіч была адпушчаная ў той жа дзень.