Сілавікі пайшлі па Гродна? Затрыманыя Юлія Юргілевіч і Павел Мажэйка
У Гродне затрымалі адвакатку з 18-гадовым стажам Юлію Юргілевіч. У яе дома прайшоў ператрус.

Юргілевіч абараняла Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара. У лютым гэтага года яе выключылі са складу Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сістэматычныя парушэнні заканадаўства», паведамляе тэлеграм-канал «Пагоня».
Пазней з’явіліся звесткі, што там жа, у Гродна, затрыманы Павел Мажэйка, былы дырэктар ліквідаванага па рашэнні суда «Цэнтра гарадскога жыцця».
Прычыны затрымання Мажэйкі невядомыя. Аднак у сакавіку 2021 года пракуратура Гродна распачала крымінальную справу ў дачыненні да Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна па ч. 3 арт. 130 КК («Здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму»). Справа тычылася выставы карцін Пушкіна ў цэнтры.
Мажэйку праз тры дні вызвалілі пад падпіску аб неразгалошванні. Пушкіна ў сакавіку гэтага года прысудзілі да пяці гадоў калоніі.
