«Гэта можа быць раўназначна злачынству дэпартацыі». Спецдакладчыца ААН зрабіла даклад пра беларусаў у выгнанні

На сайце ААН апублікаваны даклад спецыяльнай дакладчыцы Анаіс Марэн па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Тэмай даклада стала становішча беларусаў у выгнанні, беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць сваю краіну і не маюць магчымасці бяспечна вярнуцца дадому.

0372d59f31ee2ae449_76184583.jpg


«Іх міграцыя наўпрост звязана з палітыкай, што праводзіць урад Беларусі, і практыкай, што ён ужывае, а таксама з мэтанакіраваным стварэннем варожай абстаноўкі, якая перашкаджае бяспечнаму вяртанню», — адзначае Анаіс Марэн у дакладзе. Спецдакладчыца выносіць рэкамендацыі ўраду Беларусі, а таксама прапануе шэраг мер для іншых дзяржаў, міжнароднай супольнасці і міжнародных арганізацый.


«Гэта можа быць раўназначна злачынству дэпартацыі»

Спецдакладчыца прыходзіць да высновы, што паслядоўны характар парушэнняў правоў чалавека абазначае наступнае: дзяржава ажыццяўляе адмысловую стратэгію, накіраваную на выкараненне любога іншадумства і спыненне любых выклікаў цяперашняму кіраўніцтву краіны і дзяржаўнаму кіраванню. Адзначаецца, што пасля падзей 2020 года і іх наступстваў вялікая колькасць людзей пакінула Беларусь. Хоць дакладнай статыстыкі няма, розныя крыніцы сведчаць пра маштабную міграцыю беларусаў у суседнія краіны за апошнія два гады. Месцам прызначэння для шматлікіх беларускіх грамадзян сталі Польшча, Літва, Латвія, Германія, Чэхія, Эстонія і іншыя дзяржавы.

У 2020 і 2021 гадах асноўным месцам прызначэння была Украіна. Аднак праз распачатую ў гэтай краіне 24 лютага 2022 года вайну беларускім грамадзянам давялося зноў пераязджаць у іншыя месцы. Тыя, хто не меў візы ў адну з краін Еўрапейскага Саюза ці не паспеў яе аформіць, пераязджалі пераважна ў Грузію.

«Усе тыя, хто з'ехаў, рабілі гэта неахвотна. Большасць з іх распавядалі пра цэлы шэраг сур'ёзных праблем, звязаных з тым, што ім давялося разлучыцца з сям'ёй, пакінуць мужа, дзяцей, сяброў і калег, разарваць сацыяльныя сувязі, кінуць працу ці вучобу, пакінуць свой дом і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. У гэтым кантэксце рашэнне эмігрыраваць, хай і часова, было вымушаным збегам акалічнасцей і прывяло да іншых абмежаванняў правоў чалавека падчас знаходжання ў выгнанні», — гаворыцца ў дакладзе.

«Людзі распавядалі пра тое, што яны не мелі дастаткова часу, каб спланаваць свой пераезд; некаторыя прынялі рашэнне з'ехаць у лічаныя дні, а часам нават гадзіны, і паляцелі, узяўшы квіток на самы танны рэйс у тую краіну, куды ім быў дазволены ўезд. Ва ўсіх апытаных па-ранейшаму не было ўпэўненасці ў тым, калі яны змогуць бяспечна вярнуцца дадому і куды ім вяртацца», — распавядае Анаіс Марэн.

Актывісты грамадзянскай супольнасці, якія знаходзяцца ў выгнанні, таксама ўсведамляюць небяспеку таго, што аб'ектам пераследу могуць зрабіцца іх бацькі.

Запалохванне, пераследы, ператрусы дамоў, прыцягненне да крымінальнай адказнасці, арышты, утрыманне пад вартай і крымінальныя абвінавачванні выкарыстоўваліся супраць беларусаў ва ўсіх сферах прафесійнай дзейнасці і ўсіх сацыяльных груп, уключаючы актывістаў грамадзянскай супольнасці, журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, медыцынскіх работнікаў, настаўнікаў, спартсменаў, артыстаў і адміністратараў тэлеграм-чатаў. Па сутнасці, мішэнню можа стаць любы чалавек, які абвінавачваецца ва ўдзеле ці меркаваным удзеле ў акцыях пратэсту або які ажыццяўляе сваё законнае права на свабоду слова ці мірных сходаў.

furnnqvxwaemjd1.jfif


Стварэнне такой атмасферы, калі правы чалавека не абаронены, унутраныя сродкі прававой абароны адсутнічаюць, а вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека да адказнасці не прыцягваюцца, можна разглядаць як палітыку нагнятання страху, закліканую вымусіць адпаведныя групы грамадзян пакінуць краіну. Згодна са сцвярджэннямі некаторых міжнародных няўрадавых арганізацый, гэта можа быць раўназначна злачынству дэпартацыі, адзначае спецдакладчыца.


«Пасля працяглага пераследу яны пачалі выязджаць з Беларусі і працягваць сваю працу з-за мяжы»

Як заўважае Анаіс Марэн, рэйды на дамы і офісы, адвольныя арышты і крыміналізацыя праваабарончай дзейнасці зрабіліся ў Беларусі звычайнай практыкай. З прычыны беспрэцэдэнтных па маштабах рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі, у тым ліку за іх публічныя выступленні і ў помсту за супрацоўніцтва з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый, прадстаўнікі гэтай групы былі вымушаны адправіцца ў выгнанне. Тыя, хто застаўся ў Беларусі, не могуць ні свабодна казаць, ні працаваць у бяспечных умовах і зазнаюць небяспеку пагроз, запалохвання або рэпрэсій, выкліканую сваёй законнай праваабарончай дзейнасцю.

Падчас праведзеных на тэрыторыі ўсёй краіны рэйдаў у лютым 2021 года пацярпелі агулам больш за 40 актывістаў, уключаючы цэнтральны офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў і мінскія офісы праваабарончага цэнтра «Вясна», а таксама офіс «Вясны» ў Магілёве. Ператрус быў таксама праведзены ў цэнтральным офісе незалежнага Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Акрамя таго, адбыліся ўварванні ў прыватныя кватэры шматлікіх праваабаронцаў у Мінску, Магілёве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Рэчыцы, Баранавічах і іншых гарадах.

«Бесперапынная крыміналізацыя актывістаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў сувязі з іх дзейнасцю аказвае стрымальнае ўздзеянне, і з гэтай прычыны шмат хто з іх не жадае вяртацца ў сваю краіну.

Маштабы і характар пераследу праваабаронцаў і актывістаў пераканаўча сведчаць пра тое, што абмежаванні на законнае ажыццяўленне правоў чалавека накіраваны найперш на прымус людзей да маўчання ці выезду з краіны ў межах стратэгіі падаўлення незалежнага маніторынгу і праверкі выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, а не на дасягненне нейкіх законных мэт у адпаведнасці з правамі чалавека, як гэта спрабуюць прадстаўляць беларускія ўлады», — адзначае Анаіс Марэн.

_mgvtm5bfjuw5pyqjfhe.webp


Неабходнасць дадатковай абароны беларусаў у выгнанні

Беларусы ў выгнанні сутыкаюцца з дадатковымі праблемамі і могуць апынуцца ва ўразлівым становішчы, а значыць, маюць патрэбу ў абароне міжнароднай сістэмы правоў чалавека. Калі беларусаў запытвалі пра цяжкасці, з якімі яны сутыкаліся, калі былі вымушаны з'ехаць са сваёй краіны, у якасці адной з галоўных праблем яны называлі магчымасць атрымання паслуг па ахове фізічнага і псіхічнага здароўя. Доступ да неабходнага і належнага лячэння часта ўскладняецца такімі фактарамі, як адсутнасць інфармацыі пра іх правы на медыцынскае абслугоўванне, кошт медыцынскай страхоўкі, складанасці, якія не дазваляюць як след разабрацца ў медыцынскай сістэме, моўны бар'ер і кошт самога лячэння.

«Праз тое, што бяспечнае вяртанне для шматлікіх беларускіх грамадзян у выгнанні застаецца немагчымым, людзі шукаюць доўгатэрміновыя рашэнні, якія былі б адаптаваны да іх канкрэтных акалічнасцей. Хоць досвед кожнага чалавека ўнікальны, спецыяльная дакладчыца адзначыла, што людзі, якія былі вымушаны пераехаць за мяжу, сутыкаюцца з праблемамі, звязанымі з забеспячэннем належных умоў жыцця, у тым ліку ў месцах часовага размяшчэння, у прыватнасці, у цэнтрах прыёму мігрантаў, з праблемамі ў плане атрымання годнай працы і сродкаў да існавання ў залежнасці ад наяўных навыкаў і кваліфікацыі, а таксама ў плане атрымання належнай і неабходнай адукацыі, уключаючы адукацыю дзяцей малодшага ўзросту і прафесійную падрыхтоўку дарослых», — гаворыцца ў дакуменце.


Рэкамендацыі міжнароднай супольнасці

У сваім дакладзе Анаіс Марэн прыходзіць да высноў, што беларускія ўлады наўмысна стварылі варожую абстаноўку, у якой нельга чакаць, што асобы і прафесійныя групы, у дачыненні да якіх выказваецца варожасць, застануцца ў краіне. Спалучэнне законаў, палітыкі і практыкі выкарыстоўваецца як магутны інструмент для прымусу людзей да ад'езду. Праз тое, што беспакаранасць захоўваецца, а сітуацыя з правамі чалавека працягвае пагаршацца, перспектывы бяспечнага вяртання ў беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, невялікія. Адсутнасць незалежнай судовай сістэмы пагаршае сітуацыю і перашкаджае прагрэсу.

Спецдакладчыца дае рэкамендацыі іншым дзяржавам, міжнароднай супольнасці і міжнародным арганізацыям у дачыненні да беларусаў у выгнанні, сярод якіх: спрыяць стварэнню бяспечных і даступных шляхоў уезду для беларусаў, вымушаных пакінуць сваю краіну, і забяспечыць наяўнасць гуманітарных каналаў для ўезду; надаваць адмысловую ўвагу і аказваць падтрымку беларускім грамадзянам, якія знаходзіліся ў выгнанні ва Украіне і былі вымушаны зноў з'ехаць праз вайну; стварыць эфектыўныя механізмы для надання прававога статусу беларускім грамадзянам, якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну.