Сродкі, неабходныя на адвакатаў для Мікалая Аўтуховіча, беларусы сабралі за два дні
Тэрміновы збор абвясціла ягоная дачка Кацярына Аўтуховіч. «Склалася такая сітуацыя, што стала рэальнай рызыка застацца без юрыдычнай абароны на гэтым так званым судзе. Судовыя пасяджэнні праводзяцца з траўня практычна кожны дзень, таму сумы выходзяць вялізныя», — пісала яна ў сацсетках.
Праз два дні яна паведаміла, што патрэбная сума была сабраная. «Агромністы вам чалавечы дзякуй! Я і сябры бацькі дзякуем вам за такі каласальны водгук у дапамогу бацьке! За два дні! — За два дні збору ў нас ёсць сума, каб аплаціць на нейкі час працу адвакатаў для бацькі», — напісала яна ў Інстаграм.
Пра затрыманне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 снежня 2020 года. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджанне маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленне волі да 15 гадоў.
На пачатку лютага абноўлены спіс арганізацый і фізічных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, з’явіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімір Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі з ім сувязь і, па версіі следства, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.
Суд над Мікалаем Аўтуховічам і «яго групай» пачаўся 18 траўня. Усяго на лаве падсудных 11 чалавек. З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку.