Мікола Аўтуховіч спыніў сухую галадоўку, але страўнік не запрацаваў і пачалі разбурацца ныркі

Сваякам стала вядома пра стан зьняволенага ваўкавыскага прадпрымальніка. Ён пачаў піць, аднак адчувае сябе яшчэ вельмі кепска. Пра гэта распавядае «Св*бода».

photo_2022_08_04_19_37_49.jpg

Мікола Аўтуховіч пачаў піць 1 жніўня, на 22-і дзень ад пачатку сухой галадоўкі. У той жа дзень яму паставілі кропельніцу, іх ставяць цяпер штодня. Таксама ён пачаў ужываць дзіцячае харчаваньне.

Аднак, як перадаў сваякам вязень, ягоны страўнік не запрацаваў.

27 ліпеня яму правялі мэдычнае абсьледаваньне. Яно выявіла, што ў вязьня пачалі разбурацца ныркі, ёсьць зьмяненьні ва ўнутраных органах, моцнае абязводжваньне арганізма. У Аўтуховіча падвышаны цукар у крыві, нізкі ціск, падвышаны пульс, моцная слабасьць, кружыцца галава, ад яго ідзе пах ацэтону, запалі вочы.

Ён сам можа хадзіць, але перасоўваецца ледзь-ледзь. Урэшце вязень здолеў прыйсьці на сустрэчу з адвакатам. Раней ён адмаўляўся ад сустрэчы, бо ня меў сіл дайсьці.

Напрыканцы галадоўкі яму перадалі ліст ад маці. Імаверна, гэта і стала прычынай спыненьня галадаваньня, аднак дакладнай прычыны Аўтуховіч не назваў. Яшчэ адзін ліст ад маці яму перадалі ўчора.

Міколу Аўтуховіча дагэтуль не прызналі палітвязьнем. За кратамі ён больш як паўтара года. Цяпер над ім ідзе суд за «тэрарызм». Усяго ў «справе Аўтуховіча» 12 фігурантаў. Сёння яны заявілі пра пагрозу іх жыццю і здароўю

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле КДБ, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Любоў і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.