Адміністрацыя гарадзенскай турмы: Аўтуховіч папіў гарбаты, яму ставілі кропельніцу

59-гадовы Мікалай Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку 11 ліпеня, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэтаў.

avtuhovich_1.jpg

Адміністрацыя СІЗА гарадзенскай турмы N 1 паведаміла, што 2 жніўня вязень Мікола Аўтуховіч выпіў гарбату, а за дзень да гэтага яму ставілі кропельніцу. Такую інфармацыю атрымалі сваякі вязьня, паведамляе «Св*бода».

2 жніўня яго зноў не было на паседжаньні, ён адмовіўся ісьці, бо ня здолеў бы дайсьці сам. Учора стала вядома, што яму перадалі адзін ліст ад маці. Ці ён працягне галадоўку, пакуль няясна. Паводле ягоных заяваў, ён ня спыніць галадоўку, пакуль яму не пачнуць аддаваць лісты ад маці і іншых людзей.

Перададзены ліст ад маці можа сьведчыць пра тое, што частка патрабаваньняў вязьня выкананая. Пры гэтым пазбаўленьне зьняволенага перапіскі зьяўляецца парушэньнем закону.

Міколу Аўтуховіча не прыводзілі на судовыя паседжаньні 28, 29 ліпеня, 1 і 2 жніўня.

Вядома, што пасьля 10 дзён сухой галадоўкі стан вязьня рэзка пагоршыўся. Ён аслабеў, хадзіў напаўсагнуты, гаварыў ціха. У яго перасохлі вусны і язык, пачаліся моцныя болі ў жываце, ён ня мог сядзець на судзе ад болю, толькі ляжаць.

26 ліпеня дачка Аўтуховіча паведаміла, што ён сурʼёзна аслабеў.

Адвакатка неаднаразова папрасіла суд, каб ёй далі пабачыць свайго падабароннага. На гэта начальнік турмы заявіў ёй, што лекары тры разы на дзень абсьледуюць яго і ня выявілі незваротных зьменаў у арганізьме.

29 ліпеня стала вядома, што Аўтуховіч схуднеў за час сухой галадоўкі на 20 кіляграмаў.

«Ён ішоў павольна і ў напаўсагнутым стане. Схуднелы, моцна змарнеў. Яму дапамагаў ісьці хлопец, якога таксама выводзілі, — падтрымліваў бацьку за руку...», — напісала дачка Аўтуховіча са спасылкай на зьвесткі ад адвакаткі.

Суд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе судзьдзя Гарадзенскага абласнога суду Максім Філатаў.

Былога прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам зь ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржаўных СМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча».

Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разанавічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Снягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.

Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у гэты лік не ўваходзіць.