Guardian: Новы выпадак катавання ўкраінскага ваеннапалоннага на Данбасе. Журналісты датэлефанаваліся да ката
Брытанская газета піша пра новыя выпадкі здзекаў з украінскіх вайсковапалонных. Карэспандэнт выдання прыводзіць фота і відэа, на якіх бачна галаву чалавека, насаджаную на слуп плота ў горадзе Папасна на Луганшчыне. Расследвальная група журналістаў Bellingcat змагла вызначыць асобу ката і датэлефанавацца да яго.
«На відэа, — гаворыцца ў артыкуле Guardian, — відаць безгаловае і бязрукае цела мужчыны, апранутага ў вайсковую форму, што ляжыць у двары дома. Галава наколатая на драўляны слуп, а кісці рук — на металічныя шыпы на плоце па абодва бакі ад галавы».
5 жніўня міжнародная расследвальная група журналістаў Bellingcat апублікавала ў сябе на сайце расследаванне папярэдняга вядомага выпадку зверстваў расійскіх вайскоўцаў супраць украінскага ваеннапалоннага.
Расследвальнікі вывучалі тры відэазапісы, на якіх баявік, што, верагодна, адносіцца да чачэнскага фармавання «Ахмат», падпарадкаванага Рамзану Кадыраву, якое ўваходзіць у склад расійскіх узброеных сіл, кастрыраваў звязанага ўкраінскага палоннага, якога потым застрэлілі.
Аўтары расследавання адзначаюць, што відэа першымі апублікавалі расійскія тэлеграм-каналы, якія падтрымліваюць расійскую вайну ва Украіне і публікуюць фота забітых украінскіх жаўнераў.
На гэтых каналах фота спачатку ўхвалялі адміністратары каналаў і большасць карыстальнікаў, якія каментавалі, а праз некалькі гадзін яны «раптам адракліся» ад іх як «верагодных падробак», якія нібыта былі падкінутыя на прарасійскія каналы агентамі Украіны з мэтай дыскрэдытацыі расійскага войска.
Кіраўнік Bellingcat Хрыстас Грозеў напісаў, што больш за 20 хвілін размаўляў з верагодным катам, які блытаўся ў паказаннях.
«Ён губляўся ў супярэчнасцях і хлусні, але спрабаваў пераканаць мяне, што відэа — фэйк, мне так сказала ФСБ», — напісаў журналіст-даследчык у сябе ў твіце.
Расследвальнікам удалося адшукаць ката ў сацсетках. Выдаў яго бранзалет на левай руцэ і капялюх, якія добра бачна на відэазапісах зверстваў.
Журналістам удалося пагаварыць з Ачур-Суге Монгушам, і хоць той адмаўляў сваё дачыненне, яго паказанні канчаткова пацвердзілі яго віну. Ён заявіў, што нікога не катаваў і наогул ніколі не трымаў у руках зброю, а проста суправаджаў расійскіх журналістаў, а відэа з ягоным удзелам проста змантаванае. Ён таксама сцвярджаў, што адразу пасля з'яўлення відэа яму патэлефанавалі ягоныя сябры-журналісты. Ён адказаў ім, што відэа сфабрыкавана, і яны параілі яму прыйсці ў ФСБ і паказаць камандзіровачныя лісты, з якіх зразумела, калі ён прыехаў і з'ехаў.
Монгуш сцвярджае, што ў ФСБ яго пратрымалі два дні, пераканаліся, што відэа сфабрыкаванае, і потым распавялі, што наогул гэта відэа было выкладзена УСУ і трапіла ў рукі ўкраінцаў, калі яны знайшлі злачынца, што згвалціў 10-гадовае дзіця. Таксама Ачур-Суге заявіў, што такі капялюш, як у яго, ёсць у многіх людзей, а аўтамабіль, які фігуруе на відэа з катаваннямі, ён ніколі не бачыў. Пры гэтым Монгуш прызнаў і некалькі разоў паўтарыў, што на відэа, апублікаваным з тэрыторыі завода «Азот», сапраўды ён.
Такім чынам, дзякуючы званку атрымалася, па-першае, усталяваць, што чалавек з відэа — сапраўды Ачур-Суге Монгуш. Таксама відавочна, што Монгуш казаў няпраўду, калі адмаўляў, што машыну з літарамі Z ён ніколі не бачыў, так як яна выразна бачная на відэа, сапраўднасць якога Монгуш не адмаўляе. Сам жа Монгуш прызнае, што яго сябры-журналісты, якіх ён суправаджаў, адразу патэлефанавалі яму пасля выхаду матэрыялу са словамі «Глядзі якую х..тую пра цябе апублікавалі», гэта значыць, па яго ж словах, сябры адразу апазналі яго на відэа.
Калі верыць Монгушу, атрымліваецца, што байцы УСУ знайшлі нейкае відэа, дзе нейкі гвалтаўнік здзекуецца з украінскіх салдатаў, а затым невядома навошта змантавалі яго так, каб гвалтаўнік быў падобны на Монгуша, прычым з усімі дробнымі дэталямі, уключаючы ўзоры на капелюшы і бранзалеты. Нават калі ўявіць, што УСУ сапраўды хацелі зганьбіць невядомага тувінца, незразумела, як машына з відэа з катаваннямі з'явілася на відэа пракрамлёўскага блогера, бо то відэа дакладна ніхто не мантаваў.
Монгуш таксама сцвярджаў, што ў ФСБ яму паведамілі, што відэа было знята ў «Прыволле» — так называецца санаторый на ўсходнім беразе Паўночнага Данца. І сапраўды, супастаўляючы некаторыя кадры з здымкі з катаваннямі і фота з тэрыторыі санаторыя, Bellingcat змог выявіць месца побач з санаторыем, дзе, як і на відэа, побач размешчаны каналізацыйны люк і раздвоенае дрэва.
Такім чынам, кажучы аб месцы злачынства, Монгуш, мабыць, выпадкова сказаў праўду. Але ў многіх іншых выпадках ён адкрытага схлусіў.
Так ці інакш, прызнанні Монгуша вельмі важныя: да размовы з ім было дакладна ўстаноўлена, што чалавек на відэа «ахматаўцаў» з заводу «Азот» — гэта той жа, хто фігуруе на відэа з катаваннем, а таксама тое, што вельмі падобны на гэтага катавальніка чалавек па прозвішчы Монгуш ваяваў у «Ахмаце», але заставалася гіпатэтычная магчымасць, што ў «Ахмаце» ваююць два вельмі падобныя чалавекі мангалоіднай знешнасці. Аднак прызнанне Монгуша ў тым, што чалавек у капелюшы на відэа з тэрыторыі завода «Азот» — гэта ён, выключае ўсе апошнія сумневы.