Украінскія дэпутаты прапануюць прызнаць Беларусь дзяржавай — спонсарам тэрарызму
Народныя дэпутаты Украіны ўнеслі ў Вярхоўную Раду адпаведны праект пастановы №7716, ён зарэгістраваны ва ўкраінскім парламенце ў аўторак.
Дэпутаты прапануюць Вярхоўнай Радзе звярнуцца да Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, Еўрапейскага парламента, Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, АБСЕ, НАТА, АЧЭС, урадаў і парламентаў дзяржаў свету аб прызнанні Рэспублікі Беларусь дзяржавай — спонсарам тэрарызму, паведамляе «Інтэрфакс-Україна».
Украінскі парламент таксама павінен прасіць міжнародныя інстытуты ўзмацніць ціск на Рэспубліку Беларусь, у тым ліку шляхам увядзення санкцый, прадугледжаных у адпаведнасці са статусам дзяржавы — спонсара тэрарызму. Акрамя гэтага Вярхоўная Рада прапануе ўвесці санкцыі супраць урадавых і дзелавых колаў, палітычных партый Беларусі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны.
«З пачатку вайны Расіі супраць Украіны Рэспубліка Беларусь дала свае тэрыторыі і аб'екты вайсковай інфраструктуры расійскім войскам для нападу на Украіну. Згодна з нормамі міжнароднага права, Беларусь з’яўляецца суагрэсарам... За час ваеннага супрацьстаяння з тэрыторыі Беларусі па Украіне расійскімі агрэсарамі было выпушчана больш за 600 ракет, якія прывялі да масавых разбурэнняў аб'ектаў грамадзянскай інфраструктуры і смерцяў сярод мірнага насельніцтва Кіеўскай, Жытомірскай, Ровенскай, Валынскай абласцей і г. Кіева», — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да праекта пастановы.