Хронікі палітычнага пераследу за 31 жніўня

Сабралі для вас галоўныя навіны апошняга дня лета ў Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


З апошнім словам у судзе сёння выступілі абвінавачаныя па «справе аб змове» Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў, Юрась Зянковіч, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Абвінавачанне запрасіла для іх па 12 гадоў пазбаўлення волі.
У Гродне затрыманы адвакатка Юлія Юргілевіч і журналіст Павел Мажэйка. Юргілевіч абараняла палітвязняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцара, з калегіі адвакатаў яе выключылі ў лютым гэтага года. Мажэйка быў дырэктарам ліквідаванага «Цэнтра гарадскога жыцця». Прычыны затрымання абодвух невядомыя.
Супрацоўнікі АМАПа сёння пабывалі і ў Кобрыне. Праваабаронцам вядома як мінімум пра два затрыманні, адно з якіх прайшло дома ў Яўгена Папова. Пры ператрусе ў мужчыны забралі ноўтбук, тэлефон і частку грошай.
Стала вядома, што 5 верасня можа аднавіцца суд па справе «БелаПАН». Судзіць Ірыну Леўшыну, Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну пачалі яшчэ 5 чэрвеня, але аб'явілі перапынак у сувязі з «правядзеннем следчых дзеянняў». Агулам яны абвінавачваюцца па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» і «Здрада дзяржаве».
За «скажэнне гістарычных фактаў» у Мінску затрымалі экскурсаводку Святлану Грышкевіч. Яе адразу ж асудзілі за «дробнае хуліганства» і далі ёй 12 сутак адміністрацыйнага арышту.
Палітвязень Мікола Дзядок ужо амаль месяц знаходзіцца ў ШІЗА. Як стала вядома, яго змясцілі туды 3 жніўня.
Смаргонскаму лекару Яўгену Бужынскаму прысудзілі 8 гадоў калоніі за «распальванне сацыяльнай варожасці» і «хабар», паведамляюць праваабаронцы. Дэталі абвінавачвання пакуль невядомыя.
Супрацоўнікам ідэалагічнага аддзела БМЗ Марына Бажынская і Дзмітрый Арцёменка, якіх затрымалі 29 жніўня, прысудзілі штраф у памеры 20 «базавых» і 12 сутак. За што — таксама невядома.
Папаўненне ў «спісе экстрэмістаў»: МУС прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» сайт і сацсеткі «Хартыі'97». «Тэрарыстычнымі арганізацыямі» прызнаны BYPOL і план «Перамога».
На дадзены момант праваабаронцамі «Вясны» прызнаны палітвязнямі 1308 чалавек. Ініцыятыва «Dissidentby» налічвае 1615 палітычных зняволеных у Беларусі, сярод якіх 196 жанчын і 8 непаўнагадовых.