Палітвязні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА
У мінскім СІЗА-1 палітвязні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна сёння, 1 верасня, пабраліся шлюбам, паведамляе «Позірк».

Медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці»). Падставай для абвінавачання з’явілася тое, што, паводле Міністэрства ўнутраных спраў, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў.
Потым Аляксандраву і Злобiнай выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).
Нагадаем, як пісаў НЧ, працэс па «справе БелаП*Н» можа аднавіцца пасля 5 верасня. Працэс пачаўся 5 чэрвеня, аднак быў прыпынены 29 чэрвеня ў сувязі з правядзеннем следчых дзеянняў. Працэс, як звычайна ўжо ў Беларусі, закрыты.

