Яшчэ 18 чалавек прызнаны палітычнымі зняволенымі
Праваабарончыя арганізацыі ў сваёй сумеснай заяве прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 18 чалавек.

У сумеснай заяве праваабарончых арганізацый Беларусі ад 1 верасня адзначаецца, што свабода мірных сходаў гарантавана артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Палітычнымі зняволенымі прызнаны 18 вязняў, «у сувязі з інфармацыяй аб заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Сяргею Баршчу, Сяргею Дзябольскаму, Юрыю Джэнжэру, Сяргею Ганічаву, Яўгену Грыцку, Анастасіі Гунько, Арцёму Забелянкаву, Наталлі Карнеевай, Сяргею Ксендзікаву, Дзмітрыю Ляўковічу, Алене Латушка, Алене Малькевіч, Ігару Пастухову, Святлане Саковіч, Сяргею Франчуку, Леаніду Чырыкаву, Мікіту Саідаву, накіраванні ў папраўчую установу для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі па ч.1 арт. 342 КК Віталя Фесіка».
Свабода мірных сходаў не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўлены законам і неабходны ў дэмакратычных краінах, адзначаецца ў заяве.
«Выступленні грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканы недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаны міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя. Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы.
Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваны спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыянальным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжыты гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрымана ад выкарыстання шумавых гранат», — нагадваюць праваабаронцы.