Хронікі рэпрэсій. Аблава ў Лельчыцах, Яну Пінчук этапавалі ў Віцебск
З дапамогай праваабаронцаў і медыя сабралі галоўнае пра пераслед беларусаў 1 верасня.
Масавыя затрыманні прайшлі ў Лельчыцах.
Адзін з
затрыманых — дырэктар мясцовага СТА Сяргей Бараноўскі.
Паводле
праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы»,
а ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама сілавікі прымушаюць мужчыну на
відэа назваць свой «высокі заробак» — 1000 беларускіх рублёў.
Другую затрыманую
завуць Аліна Федаровіч. У відэа дзяўчына кажа, што была падпісана на
«экстрэмісцкія каналы», аднак пазней ад іх адпісалася.
Як паведамляюць
сілавікі, «зафіксаваныя факты яе зносін са здраднікамі праходзяць праверку ў
Следчым камітэце на прадмет дапамогі экстрэмісцкай дзейнасці».
Пад «здраднікамі»
лукашысты маюць на ўвазе ўдзельнікаў руху за свабодныя выбары і аднаўленне
дэмакратыі і канстытуцыйнай законнасці ў краіне.
Таксама ў Лельчыцах затрымалі 67-гадовага Андрэя Суравегіна. На «пакаяльным відэа» пенсіянер распавядае, што быў падпісаны на «забароненыя» тэлеграм-каналы.
Жыхары Лельчыц кажуць, што ўсяго палітычная паліцыя затрымала каля пяці чалавек.
У Кобрыне ўчора
быў затрыманы Анатоль Антончык.
Як паведамляюць
праўладныя тэлеграм-каналы, 41-гадовы мужчына нібыта быў падпісаны на
«экстрэмісцкія» каналы, «прайшоў рэгістрацыю ў чат-бот «Мотолько Помоги», а
таксама даслаў тэлеграм-каналу «Чорная Кніга Беларусі» даныя мясцовага
ідыёлага.
Яну Пінчук этапавалі ў Беларусь.
Дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА Віцебска. Яе абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).
Як піша Генпракуратура, дзяўчына разам з іншымі нібыта стварыла Telegram-канал «Віцебск 97%», інфармацыйная прадукцыя якога рашэннем суда прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі. «Непасрэдна адмініструючы названы рэсурс, Пінчук публічна заклікала да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».
Грамадзянцы Беларусі на радзіме пагражае вялікі тэрмін за адміністраванне
«экстрэмісцкага» тэлеграм-чата «Віцебск 97%». Яе затрымалі ў Расіі і прынялі
рашэнне выдаць Беларусі, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека
ААН.
У Гродне затрымалі 28-гадовага Арсеня Кандрашова. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што, «паддаўшыся ўплыву дэструктыўных каналаў», распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы.
У Рэчыцы
работніка метызнага завода асудзілі за відэа, якое ў працоўным чаце выпадкова
размясціла яго дзіця.
Барыса Кайзера абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў
Станіслаў Іванюценка. Падрабязнасцей з судовага пасяджэння няшмат, бо яно
праходзіла ў закрытым рэжыме.
Вядома толькі,
што відэа, якое і стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы, было
знята падчас сямейнага застолля. Абвінавачаны прадказаў паражэнне Расіі ў вайне
з Украінай і асудзіў дзеянні Лукашэнкі. Відэа
аказалася ў працоўным чаце метызнага завода выпадкова — яго загрузіла дзіця
Барыса, калі гулялася з тэлефонам. Пазней запіс трапіў у органы. У выніку на
мужчыну завялі крымінальную справу.
24 жніўня Барыса
прызналі вінаватым і прызначылі 1 год і 3 месяцы пазбаўлення волі з адбыццём
пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Іншага жыхара Рэчыцы пакаралі 1,5 гадамі «хіміі» за абразу міліцыянера.
26 жніўня суд
Рэчыцкага раёна вынес прысуд па справе Аляксандра Зубарава, якога
абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка
ўлады). Судовае пасяджэнне вёў Вадзім Бабыроў.
Пра
абвінавачанага вядома, што ён мясцовы жыхар, які раней вёў «забаронены» блог на
YouTube. Справу аб абразе прадстаўніка ўлады на яго завялі яшчэ ў 2021 годзе.
Днямі над Зубаравым адбыўся суд. Яго прызналі вінаватым і прысудзілі 1,5 года
калоніі агульнага рэжыму.
Затрыманы
журналіст, аператар і фатограф Іван Мураўёў.
Івана арыштавалі ў мінскай Кальяннай №1, якой ён кіруе. Папярэдне Мураўёва абвінавачваюць па адным з «экстрэмісцкіх» артыкулаў.
У Віцебскім
абласным судзе вынеслі прыгавор 34-гадоваму Аляксею Рэзнікаву — чатыры з паловай
гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу ў закрытым рэжыме разглядаў
суддзя Яўген Буруноў.
За пасты і
рэпосты «ВКонтакте» Аляксея абвінавацілі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 130-1
(рэабілітацыя нацызму), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза
прадстаўніка ўлады) і арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).
Вядома, што Аляксей працаваў раней за мяжой, але вясной з-за цяжкага стану ягонай маці вярнуўся дадому, дзе і быў затрыманы. Праз тры дні пасля арышту сына жанчына памерла. Мужчына застаўся без сваякоў і знаходзіцца больш за чатыры месяцы пад арыштам у віцебскім СІЗА № 2.
Суд Жыткавіцкага
раёна вынес прыгавор па справе мясцовага 40-гадовага жыхара Дзмітрыя Крывулькі.
Ён быў абвінавачаны паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за капіраванне і размяшчэнне допісу ў інтэрнэце, які
палічылі абразлівым.
Па матэрыялах
абвінавачання, Крывулька ў сваім акаўнце ў «Аднакласніках» размясціў
відэаролік з гарачым і эмацыйным абмеркаваннем палітычнай сітуацыі журналістамі
іншай дзяржавы. У палеміцы неаднаразова гучалі рэплікі непаважлівага і
абразлівага характару ў адрас лідараў некаторых краін, у іх ліку і
Лукашэнкі.
У выніку суддзя
Аляксандр Аношка пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін
год і шэсць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.
Былую журналістку
Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну пачалі судзіць у Мінскім гарадскім
судзе. Ксенію абвінавачваюць у змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу
дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса). Журналістцы можа
пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў. Разглядаць справу будзе
суддзя Таццяна Фалькоўская.
Вядома, што за
час знаходжання за кратамі ў Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася
бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу; у 2014 годзе Ксеніі зрабілі
аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў мозгу.
Гомельскі абласны
суд пачаў разгляд крымінальнай справы адміністратара
культурна-гістарычнага Telegram-канала Rezystans палітзняволенага Мікіты
Слепянка. Юнака
абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні ім (ч. 1
арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Судовы працэс будзе весці суддзя Васіль
Бягун.
Мікіта стварыў і
адміністраваў культурна-гістарычны Telegram-канал Rezystans. Яго выклікалі на
допыт у міліцыю 6 красавіка і больш не адпусцілі. Пазней стала вядома, што на
яго заведзена крымінальная справа. Rezystans, у якога больш за 200 падпісчыкаў,
МУС прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык будуць судзіць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Палітзняволеную Алену Лазарчык затрымалі 30 снежня 2021 года. Канчаткова ёй прад’явілі абвінавачванне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), арт. 130 (распальванне варожасці), арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 22 ліпеня КДБ унёс Алену ў «спіс тэрарыстаў».
Суд над Лазарчык распачнецца 12 верасня ў Магілёўскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Павел Клімаў.
Таксама 12 верасня пачнуць судзіць палітзняволеных Анатоля Латушку, Лілію Ананян і Алену Маліноўскую.
Судовы працэс
будзе весці суддзя Дзмітрый Карсюк.
Ноччу 31 студзеня сілавікі затрымалі палітвязняў за тое, што
нібыта яны малявалі па трафарэце на паштовых скрынках у пад'ездах жылога дома
герб «Пагоня». Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збілі.
Пазней Следчы камітэт паведаміў, што нібыта яны наносілі «пратэсныя надпісы», спалілі дзяржсцяг, пашкодзілі банеры з выявай міліцыянераў і друкавалі ўлёткі пра рэферэндум. Цяпер іх абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса.