«Забракавалі тэрмабялізну і кубак». Андрэя Кузнечыка этапавалі ў наваполацкую калонію
Журналіста-палітвязня Андрэя Кузнечыка этапавалі ў наваполацкую калонію.

Андрэй Кузнечык, асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі па справе аб экстрэмісцкім фарміраванні, прыбыў у наваполацкую калонію №1.
Ліст са штэмпелем гэтай установы атрымала жонка палітзняволенага Алеся Рак, пішуць праваабаронцы «Віцебскай В*сны».
Суддзя Магілёўскага абласнога суда Ігар Шведаў прызнаў журналіста, фрылансера «Радыё Св*бода» вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім») і прызначыў пакаранне — зняволенне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін у 6 гадоў.
Пра тое, што яго перавядуць у наваполацкую калонію, Андрэю Кузнечыку паведамлялі раней, і апошнімі днямі ён чакаў этапу з Магілёва ў Наваполацк. Цяпер ён прыбыў у ПК №1, і з апошняга ліста жонка даведалася, што ў калоніі «забракавалі тэрмабялізну і кубак». Пра іншыя падрабязнасці аб побыце на новым месцы палітвязень пакуль не піша.

Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 года. У яго кватэры ў Мінску адбыўся ператрус. Пасля затрымання сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам «Радыё Св*бода», з якім журналіст супрацоўнічаў у якасці фрылансера. На наступны дзень Андрэя Кузнечыка асудзілі ў судзе Заводскага раёна Мінска па адміністрацыйнай справе на 10 сутак, аднак 5 снежня на волю ён не выйшаў — быў зноў асуджаны тым самым судом яшчэ на 10 сутак. Але і 15 снежня яго не вызвалілі.
А 23 снежня 2021 года стала вядома, што на Андрэя Кузнечыка завялі крымінальную справу і перавялі яго ў СІЗА №1 на Валадарскага, але адвакат быў пад падпіскай аб неразгалошванні, таму, па якім артыкуле заведзена справа, доўгі час было невядома.

Толькі ў канцы траўня высветлілася, што Кузнечыка абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-1 КК). «Радыё Св*бода», з якім ён супрацоўнічаў, прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем акурат 23 снежня 2021 года.
11 студзеня 2022 года праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Кузнечыка палітвязнем.
Суд над журналістам праходзіў 8 чэрвеня ў закрытым рэжыме. Справу суддзя Ігар Шведаў здолеў разгледзець за адзін дзень.