«За Лукашэнку было 15%». Фядута ў апошнім слове распавёў, якімі белымі ніткамі шылася «справа змоўшчыкаў»
У гучнай палітычнай справе аб «змове» 31 жніўня прагучалі апошнія словы абвінавачаных, у тым ліку Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча. Фядута выступаў даўжэй за іншых, ягонае слова заняло паўгадзіны. У ім ён апісаў дэталі крымінальнай справы, настроі народу і падзеі ў краіне.
На пачатку свайго выступу ў судзе Аляксандар Фядута падрыхтаваў прысутных да таго, што будзе выступаць доўга, але закон «ніяк не абмяжоўвае яго ў гэтым».
«С*абода» прыводзіць апошняе слова палітычнага зьняволенага зь
нязначнымі скарачэньнямі.
«[...] Перадгісторыя «змовы» — стварэньне двума беларускімі
эмігрантамі, Дзьмітрыем Шчыгельскім і Юрасём Зянковічам, Youtube-каналу з дурацкім назовам «Сиреневенький бесперспективняк» у красавіку 2020 году. На ім яны «мачылі»
беларускую ўладу даволі груба, часам у хамскіх выразах.
Рана ці позна гэта павінна было прыцягнуць увагу нашай
глыбока ранімай улады. Улічваючы тое, што Зянковіч бываў на радзіме і валодаў
тут нерухомасьцю, яго ўзялі ў распрацоўку, праўдападобна мяркуючы, што за ім
нехта стаіць. Пагатоў, два балбатуны ў сваіх перадачах упарта прасоўвалі ідэю,
што бяз войска любая спроба зрынуць Лукашэнку, застаючыся ў рамках
заканадаўства, прапанаванага Лукашэнкам, падпісанага Лукашэнкам і
выкарыстанага Лукашэнкам у інтарэсах Лукашэнкі, немагчымая і
бессэнсоўная [...]
Аднойчы незнаёмы чалавек скінуў мне паведамленьне, дзе
прапанаваў сустрэцца [...] Як гаварылася ў фільме «О бедном гусаре замолвите
слово»: «Вы взялись помогать жандарму» — «Но это ведь наши жандармы». У фільме
ў шчырасьць такой пазыцыі не паверыў нават жандар. Але мы ня ў фільме, а ў
жыцьці. У людзей розныя матывы. Я ў шчырасьць сьведкі Жураўскага і ягоную гатоўнасьць дапамагаць верыў бесьпярэчна.
Першая сустрэча Зянковіча з Жураўскім адбылася ў Менску ў
канцы жніўня, другая ў Горадні 12 верасьня. Менавіта з таго дня варта адлічваць
гісторыю «змовы», лідэрам якой чамусьці лічыцца Юрась Зянковіч. З праслуханых
тэлефонных размоваў вынікае, што менавіта Жураўскі ініцыюе большасьць размоў,
патрабуе ад Зянковіча адказу, але ў таго няма ані грошай, ані пляну дзеяньняў.
Гэта праблема «калектыўнага Жураўскага» — бяз гэтых двух складнікаў ніякай
змовы не выходзіць. Усё, на што хапае магчымасьцяў Зянковіча — дастаць з асабістых
ашчаджэньняў 5 тысяч даляраў і выдаць іх на бягучыя расходы.
[...] Супрацоўнік КДБ, у задачу якога ўваходзіла
адміністраваньне аднаго з найбольш радыкальных чатаў, перасылае Зянковічу плян
«Цішыня» — адзіны дакумэнт, у якім дакладна сфармуляваны плян забойства
Лукашэнкі, а той перасылае яго Мікалаю Аўтуховічу і Івану Жураўскаму. Але
Аўтуховіч адразу бачыць у гэтым правакацыю і адмяжоўваецца.
Плян забойства «першага» сапраўды быў, пры гэтым аўтара
гэтай крывавай фальшыўкі ніхто не шукае. Дзеля Рамана Пратасевіча ледзь не
збанкрутавалі ўсю беларускую авіяцыю, а тут цішыня. Можна скласьці слоўны партрэт.
Нават не імітуюць пошукі! Бо раптам знойдуць!
[...] Жураўскага тым часам чакае расчараваньне: амбіцыі
Зянковіча, яго незадаволенасьць трэцяраднай роляй у апазыцыі не даюць яму
дамовіцца з аніводнай уплывовай эмігранцкай структурай. У выніку ў адваката
толькі 16 тысяч даляраў і 3 тысячы беларускіх рублёў. Уяўляеце, колькі крыві
можна праліць на гэтыя грошы? Чынгісхан адпачывае [...]
Становіцца ясна, што Зянковіч — пустышка. І ўсё ж позна
адмяняць правакацыю — ужо паднялі ФСБ Расеі, ужо папярэдзілі Лукашэнку.
«Пустышку» бяруць. Каб не апраўдвацца, Пуціну дакладваюць аб раскрыцьці
«крывавай змовы пад кіраўніцтвам ЦРУ». Пуцін верыць, і нават расказвае пра гэта
свайму амэрыканскаму калегу. У адказ — непаразуменьне: пра «змову» ня ведаюць
ні ў ЦРУ, ні ў Дзярждэпартамэнце, ні ў апараце самога прэзыдэнта ЗША. Пуцін
апынаецца ў ролі клоўна, а таму і арганізатарам няма куды адступаць — за імі
Масква. Калі ўсё правалілася, афіцыйнаму Менску не пазайздросьціш.
[...] Ніводная з раздруковак з чатаў і размоў ня ўтрымлівае
нічога, што можна назваць «фактам». Няма імёнаў заходніх ці расейскіх палітыкаў
і функцыянэраў спэцслужбаў. Няма сьведчаньняў аб сустрэчах каго-небудзь са
«змоўшчыкаў» з высокапастаўленымі беларускімі палітыкамі і вайскоўцамі.
[...] Фядута гатовы пісаць палітычныя дакумэнты і пляны, але
там крыві няма.
[...] Усё гэтае расьсьледаваньне паказала грамадзтву: улады
баяцца неляяльнасьці войска. Жураўскі сышоў на пэнсію, хоць яму служыць і
служыць. Ці значыць гэта, што армейскія афіцэры не цярпяць побач з сабой
раскрытага агента «жандараў», нават калі гэта «нашы жандары»?! [...]
Дык ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні плянамі, ні вайсковымі сувязямі? Я ў яе верыў, значыць, удзельнічаў у ёй сьвядома. Чаму ж я ў ёй удзельнічаў? Сьледзтва ўпарта навязвае суду вэрсію аб нізкіх матывах. Бо менавіта гэтая вэрсія выгадная прапагандыстам. Але не даказаны ніводзін зь нізкіх матываў [...] Якое распальваньне варажнечы? Працытуйце хоць адну маю фразу. Але ні сьледзтва, ні хто іншы не прыводзіць анічога. Іначай, думаю, я б адказваў за такія словы ў судзе нашмат раней.
Спадар абвінаваўца дазволіў сабе паіранізаваць зь мяне,
спытаўшы, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеяньняў. Але гэта так! Я
мог бы ўзяцца, напрыклад, выпраўляць сыстэму адукацыі і падрыхтоўкі цяперашніх
кадраў. Я нават не аб памылках у пратаколах, якія сьледчы ў маёрскіх пагонах
мусіў выпраўляць [...]
Ужо пры выстаўленьні мне першых абвінавачваньняў я мусіў у
пісьмовай форме агаварыць, што не магу прыняць іх у поўным аб'ёме, бо там
сьцьвярджаўся мой намер парушыць Канстытуцыю, прынятую на ... рэфэрэндуме 1994
году! Нават студэнт 2-га курсу юрыдычнага факультэту ведае, што першы
рэфэрэндум у Рэспубліцы Беларусь адбыўся ў 1995 годзе, а тую Канстытуцыю прыняў
яшчэ Вярхоўны Савет БССР. І такое трызьненьне ад маёра КДБ у асабліва важных
справах Акуліча паўтаралася тройчы!
Бязграматная фармулёўка «качуе» ў зваротах да розных
інстанцыяў больш за сем разоў. Уражаньне, што начальнік Сьледчага ўпраўленьня
КДБ Беларусі палкоўнік Самбук падпісвае дакумэнты, не прыходзячы ў
прытомнасьць.
[...] Адбылася адмоўная сэлекцыя кадраў, ляяльнасьць вышэйшая
за прафэсіяналізм. Прайшла трансфармацыя з сыстэмы аховы права ў сыстэму аховы
праваахоўнікаў [...] Цяпер як індульгенцыя фраза «Часам не да законаў», якую
вымавіў Лукашэнка, прызначаючы генэральным пракурорам Андрэя Шведа. Ініводзін
з прысутных ня выйшаў на знак пратэсту супраць настолькі яўнага парушэньня,
закліку. Хоць пазьней за такія ж словы асуджалі той жа канал «Сиреневенький
бесперспективняк» [...]
З экранаў ліецца характарыстыка іншых народаў у стылі
«украшвайн», а пракуратура не заўважае яўнага распальваньня варажнечы.
[...] Я паверыў у змову, бо хацеў у яе паверыць. Чэсны
чалавек ня мог не абурыцца тым, што адбываецца ў краіне. Гэта зразумеў нават
Юры Караеў, які выбачыўся за «празьмерны гвалт». І гэта каштавала яму пасады.
Гэта зразумеў і Іван Наскевіч, пры якім яўныя выпадкі гвалту хаця б
фіксаваліся. І гэта таксама каштавала яму пасады. Мітрапаліт Павал наведаў ня
толькі шпіталь з амапаўцамі, але і людзей, якіх тыя амапаўцы білі. І гэта
каштавала яму пасады патрыяршага экзарха Беларусі.
Калі ні закон у выглядзе Сьледчага камітэту, ні Бог у
выглядзе царквы не спынілі грамадзянскае вайны, што пачалася ў краіне, хтосьці
ж павінен быў стаць на яе шляху?! Калі ўся праваахоўная сыстэма краіны стала
сыстэмай аховы праваахоўніка ад права, дык яна павінна аднавіцца. Няхай нават і
шляхам беззаконьняцягам месяца. Гэта лепей, чым два гады, якія мы ўсе жывём
без закону [...]
Паводле тэлефоннага апытаньня ў 2020 годзе, за Лукашэнку
гатовыя былі прагаласаваць толькі 26%. Пры гэтым нельга забываць пра ўзровень
страху [...] Прафэсар Вардамацкі патлумачыў паводзіны грамадзтва тым, што
многія рэспандэнты баяцца выказвацца адкрыта або называюць той варыянт, за які
іх тэарэтычна ня будуць перасьледаваць [...] Пакватэрнае апытаньне,
праведзенае за паўтара месяца да выбараў, было яшчэ больш яскравае — за
Лукашэнку толькі 15%. І вы хочаце, каб пры такой рэальнай падтрымцы я паверыў
Ярмошынай і яе звыш 80%?!
Сацыёлягі былі шчырыя, Акадэмія навук, акадэмік Гусакоў
прызнаў гэта ў дакумэнце, але там вырашылі не паўтараць шлях прафэсійнага
самагубцы прафэсара Коршунава і не апублікавалі зьвестак. У адказе на афіцыйны
запыт, аднак, ілгаць яны ня сталі.
Легітымная ўлада не праводзіць таемна ад народу інаўгурацыю,
законна абраны прэзыдэнт ня бегае з аўтаматам без ражка. Лукашэнка баіцца
настолькі, што нават у год, які ён сам абвясьціў «годам нацыянальнага
адзінства», толькі раскручвае махавік рэпрэсій. Лічбы спадара адваката: больш
за мільён чалавек удзельнічала ў 6200 вялікіх і малых акцыях. І ня трэба
суцяшаць сябе, што людзі выходзілі за грошы. За іх могуць стаяць на пікетах.
Тут жа нават пад страхам сьмерці выходзілі. Людзі пратэставалі і пасьля гібелі
Аляксандра Тарайкоўскага, пасьля выкраданьня і гібелі Рамана Бандарэнкі, і
пасьля гібелі ад салдацкай кулі — што прызнана — берасьцейца Шутава, перад якім
я вінаваты, бо ня памятаю ягонага імя (Генадзь — рэд.), але думаю, што
берасьцейцы памятаюць і шануюць ягонае імя [...]
Я думаю пра гэтых людзей, пра іх вочы, пра іх усьмешкі, якія
асьвятлялі мне камэру, пра іх дапамогу і падтрымку. І вымушаны прызнаць, што
ўдзельнічаў у змове, нават калі гэта была правакацыя палкоўніка Жураўскага і
містыфікацыя генэрала Тэртэля.
І апошняе... Высокі суд. Я зьвяртаюся да вас. У вялікага
кінарэжысэра Стэнлі Крамэра ёсьць фільм «Нюрнбэрскі працэс». Ён не пра «вялікі Нюрнбэрг», дзе судзілі злачынцаў вайны, канцлягераў і прапаганды. Ён пра
адзін зь дзясяткаў працэсаў, на якім судзілі судзьдзяў. Спэнсар Трэйсі
«судзіць» Барта Ланкастэра. Герой Ланкастэра — выбітны юрыст, выслухаўшы
паказаньні тых, каго ён асуджаў на лягеры, турмы і нават на кастрацыю за
парушэньне законаў аб «чысьціні расы», суцяшае сябе: маўляў, ён выконваў
закон» [...]
Рэакцыя адваката Фядуты на просьбу пракурора
Абаронца Аляксандра Фядуты адвакат Галіна Тарнаўскене ў адказ на патрабаваньне пракурора прысудзіць фігурантам справы 12 гадоў пазбаўленьня волі кожнаму 31 жніўня папрасіла суд вынесьці Фядуту апраўдальны вырак.
Апраўдаць сваіх падабаронных папрасілі таксама адвакаты
Рыгора Кастусёва і Юрася Зянковіча.
Абаронцы яшчэ дваіх фігурантаў справы — Вольгі Галубовіч і
Дзяніса Краўчука — папрасілі суд прызначыць ім пакараньне, не зьвязанае з
пазбаўленьнем волі. Пракурор для гэтых абвінавачаных прасіў па 3 гады калёніі.
Прысуд агучаць 5 верасьня.
Працэс адбываецца ў Менскім абласным судзе з 29 ліпеня.