Андрэй Аляксандраў: каб зразумець беларусаў, трэба пачытаць дзве кнігі — «Тутэйшыя» Янкі Купалы і «Сотнікаў» Васіля Быкава
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, які зараз знаходзіцца за кратамі, даслаў спіс сваіх улюбёных аўтараў і твораў, якія б параіў пачытаць.
«У нашай літаратуры ёсць што пачытаць, ёсць чым захапіцца, ёсць над чым падумаць.
Агулам, "для шырокіх колаў беларусаў" я хацеў бы параіць звярнуць увагу на спецпраект, які да 500-годдзя беларускай кнігі рабіў «Беларусский журнал».
Там ёсць своеасаблівы «топ» беларускіх кніг за апошнюю палову тысячагоддзя, складзены паводле меркаванняў і густу сучасных нам з вамі мысляроў, літаратараў, нашых разумных і таленавітых суайчыннікаў, да гэтага "рэйтынгу" дадаюцца персанальныя расповеды і крытычныя агляды, падборкі самых важных кніг у нашай гісторыі, ад скарынаўскай Бібліі і Статусу Вялікага Княства Літоўскага да новых раманаў сучасных нашых пісьменнікаў і інтэлектуалаў. Там вы знойдзеце шмат цікавых поглядаў на літаратуру, якія, я ўпэўнены, дапамогуць вам скласці ўласны план па азнаямленні з чароўным светам беларускай кнігі.
Што да мяне, я, бадай, не буду арыгінальным. Я некалі сказаў: каб зразумець беларусаў, трэба пачытаць дзве кнігі — «Тутэйшыя» Янкі Купалы і «Сотнікаў» Васіля Быкава. Гэта, канешне, вельмі вялікае спрашчэнне, але нешта ў гэтым ёсць.
Да «Тутэйшых» я б дадаў «Пінскую Шляхту» Дуніна-Марцінкевіча — гэта да праблемы нацыянальнага самавызначэння. Быкава я люблю ўсяго, але менавіта ў «Сотнікаве» знітоўваецца ўсё тое, за што я люблю Быкава — наш беларускі экзістэнцыялізм праз нашу традыцыйную тэму (вайна-немцы-паліцыі-партызаны), уся комплексная складанасць характараў (няма ніякага простага падзелу на добрых і кепскіх, на белае і чорнае, няма простых адказаў на складаныя пытанні), ніякіх казачных хэпі-эндаў (а так хочацца! але не, выбачайце, вітаем у рэальным жыцці). Чароўны Уладзімір Караткевіч, якія ўвесь свой талент прысвяціў стварэнню і папулярызацыі нацыянальнай міфалогіі. Мікола Ермаловіч, які назаўжды вярнуў беларусам нашу вялікую дзяржаву, наша Вялікае Княства.
Наша Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая следам за сваім настаўнікам Алесем Адамовічам перапрацавала, прапусціла праз сябе нечалавечую колькасць чалавечага болю. Уладзімір Арлоў — только за яго эссе «Незалежнасць — гэта …», не кажучы пра кнігі пра нашу гісторыю і зборнікі вершаў. Так рана пакінуўшы нас Міхал Анемпадыстаў: трэба слухаць і спяваць яго «Народны альбом» і бясконца разглядаць «Колер Беларусі». Альгерд Бахарэвіч — з сорамам прызнаюся, што пакуль не прачытаў яго «Сабак Эўропы», але ж ёсць «Шабаны» і «Дзеці Аліндаркі». Віктар Марціновіч і яго «Мова». Валянцін Акудовіч, які спачатку абвесціў, што «Мяне няма», а потым марыў «Прачнуцца панкам у сваёй краіне». І, безумоўна, наш выбітны філосаф Уладзімір Мацкевіч (яго кнігі, артыкулы і эссе таксама можна знайсці онлайн). А каб пералічыць належным чынам нашых выбітных паэтаў, проста не хопіць паперы!»
Андрэй Аляксандраў і яго сяброўка Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. Яны прызнаныя палітвязнямі і ўтрымліваюцца ў мінскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Іх абвінавацілі ў фінансаванні пратэстаў з-за аплаты штрафаў і іншай дапамогі адміністрацыйна асуджаным за ўдзел у пратэстах. У чэрвені Аляксандраву было прад'яўленае абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве. Следства лічыць, што Андрэй дапамагаў фондам BY_help і BYSOL у правядзенні дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Нядаўна стала вядома, што Аляксандрава таксама падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Па гэтай справе ён праходзіць разам з дырэктаркай інфармагенцтва «БелаПАН» Ірынай Леўшынай і былым дырэктарам Дзмітрыем Наважылавым, якіх затрымалі 18 жніўня і змясцілі ў СІЗА. Аляксандраў у 2014-2018 гадах быў намеснікам дырэктара «БелаПАН».
Вы можаце напісаць ліст Андрэю Валер'евічу Аляксандраву:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.