Літаратура з турмы. Андрэй Аляксандраў: «Краты — толькі хэштэг»

15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменнікаў у зняволенні, «Радыё Свабода» і Беларускі ПЭН-цэнтр абвесцяць лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Сёння «Радыё Свабода» пачынае друкаваць партрэты літаратараў, якія працягваюць творчасць за кратамі.

e1180000_0aff_0242_0005_08d99ff4b562_w1023_r1_s.jpg

 

Журналіст, медыяменаджар, паэт

Андрэй Аляксандраў нарадзіўся 27 студзеня 1978 года ў Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца. Дзяцінства прайшло ў Паставах, куды бацьку перавялі па службе. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку ў незалежнай гарадской газеце «Хімік».

 

Калі на неба глядзіш праз краты,

не бачыш кратаў, а бачыш неба.

Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,

А заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.

 

У 2009–2012 гадах быў намеснікам старшыні «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (БАЖ). Потым вучыўся ў Вялікабрытаніі, атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ў Вестмінстэрскім універсітэце ў Лондане.

Быў штатным супрацоўнікам міжнародных праваабарончых журналісцкіх арганізацый «Index on Censorship» і «Article 19». Але вярнуўся ў Беларусь.

 

Ты кажаш: неба — падман аптычны.

Але падман — гэта краты, вер мне!

Бо краты — толькі хэштэг, як звычка,

А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.

 

Андрэй Аляксандраў

Андрэй Аляксандраў

У 2015–2018 гадах быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН». Пасля працаваў у тым жа агенцтве медыякансультантам на дамове.

 

Ды справы няма да хэштэгаў небу,

пра трэнды неба зусім не ў курсе,

яно пад нагамі не чуе глебы,

не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.

 

Захапляецца футболам (любімы клуб «Ліверпуль»), літаратурай, піша вершы.

 

І неба цягне аблокаў вату

над часам — адзінае, што жыве.

І неба таксама не бачыць кратаў,

Калі ўглядаецца ў неба ўва мне.

 

Андрэя Аляксандрава і яго сяброўку Ірыну Злобіну затрымалі 12 студзеня 2021 года і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і іншае забеспячэнне такой дзейнасці»). Падставай для абвінавачання з’явілася тое, што, паводле Міністэрства ўнутраных спраў, Андрэй Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года аплаціў 250 штрафаў.

Праваабаронцы прызналі Андрэя Аляксандрава палітвязнем.

 

У гэтай празрыстасці бачна, як дыхае горад,

сцішана ў золата ўзняўшы мільёны вачэй.

Вочы чакаюць на знак, на Збавіцеля подых.

Вочы спрабуюць забыцца, што будзе далей.

 

Бачна наскрозь, нам нібы адкачалі паветра

ды запалілі святло: усё бачна, глядзі!

Хто той Збавіцель?

Ён — ты, які проста паверыў,

што у празрыстасці горада

ты не адзін.

 

30 чэрвеня 2021 года Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»). Яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Трымаюць яго ў СІЗА №1 Мінска («Валадарцы»).

 

Тут лета. І пекла. Жыццё ў адпачынку.

Навіны прыходзяць хутчэй за лісты.

Любоў у лістах, у навінах — навінкі.

Зрываюцца планы. Зрывае балты.

 

Кіно пра вайну. Батальёны на маршы.

Ляціць самалёт. Камісар кліча ў бой.

Тут пекла і так — але вораг наш страшны.

Палонных не браць! Мы ваюем з сабой.

 

Сядай, калі ласка. Сядзі. Будзь як дома.

Такая спякота! Сядзі, пачакай.

Адпусціць вайна і пякельная стома —

І шляхам адвечным пацягнемся ў рай.

 

Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Ліверпуль»

Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Ліверпуль»

Сябры зняволенага журналіста і паэта, якім ён дасылае лісты з-за кратаў, адзначаюць яго нязменны аптымізм і сілу думкі, шчодра прыпраўленую гумарам.

«Я хацеў напісаць табе вершык, каб патрапіць хоць у нейкі шорт-ліст; каб у вершыку сцяг быў ды вершнік, але гэта цяпер — экстрэмізм. Экстрэмізм жа не ўхваляць на пошце — і шорт-ліст не сагрэе душу; то не ў вершыку я, а ў прозе „Будзе добра ўсё!“ — так напішу».

Калега Кастусь Лашкевіч, які жыў і вучыўся ў Лондане ў той самы час, што і Андрэй Аляксандраў, кажа, што бліскучая адукацыя, узгадаваны інтэлект, прыроджаны талент лідара і зайздросная працаздольнасць гарантавалі яму паспяховае жыццё ў вольным свеце. Але, скарыстаўшыся дзеля самаўдасканалення ўсімі яго магчымасцямі, ён і не думаў заставацца за мяжой.

Сябры кажуць, што ўсе планы Аляксандраў звязваў толькі з Беларуссю, дапамагаў беларускім незалежным медыя выжыць у нярынкавых умовах таталітарызму.

Верасень выракам веры

кроіць кастрычнік з кастроў.

Шоўк шамаціць сярод цемры

жоўтай паперай лістоў.

 

Неба зваляная коўдра

сніць калыханку дажджу.

Скончыцца свет. Будзе новы.

Спі.

Я цябе разбуджу.

За кратамі ў зняволеных ёсць шмат часу на роздум і самааналіз учынкаў. Ці цвеліць душу спадара Андрэя сумнеў у слушнасці зробленага выбару? Ці не шкадуе ён пра змарнаваныя надзеі і планы? Вершы, дасланыя сябрам, сцвярджаюць адназначны адказ на гэтыя пытанні.

4652abf4_8194_4a2b_886b_a99583a424ae_w650_r0_s_1.jpg


Зноў дваццаты. І зноў грамадзянская,

І чырвоныя зноў на кані.

Мыем рукі. Трымаем дыстанцыю.

І трымаем свой порах сухім.

 

Чысцім чаты. Маўчым толькі стогнамі.

Крыж на памяць, як шнар, на далонь.

Дваццаць першы. На конях чырвоныя.

Гэтым разам драўляны іх конь.

 

Белы сцяг прыхаваем, не выкінем,

Не здаёмся — ірвем на бінты.

Набрыняюць крыві нашай чырванню,

Прыдадуцца — у дваццаць другім.

 

Мыем рукі. Трымаем дыстанцыю,

Нас кароны не ўводзяць у зман,

Бо мы бачылі: на грамадзянскую

Нам хапае ужо грамадзян.

 

Пра прэмію імя Аляхновіча

Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе «Беларускім ПЭН-цэнтрам» сумесна з «Радыё Свабода». Яе прысвяцілі драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «У капцюрох ГПУ».

У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя

2013: Ігар Аліневіч,

2014: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп,

2017: Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка,

2018: Аляксандр Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык,

2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін.

 

15 лістапада — Дзень пісьменнікаў у зняволенні

15 лістапада Міжнародны ПЭН-клуб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменнікаў у зняволенні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменнікаў і журналістаў, якія зазнаюць пераслед у выніку ажыццяўлення свайго права на свабоду выказвання.

Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва пра несправядлівае зняволенне і іншыя формы агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасць са зняволенымі і з калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменнікі ў зняволенні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клуба — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў свеце было забіта больш за 35 пісьменнікаў.

Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні», адзначае:

«Пісьменнікі павінны мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не павінны трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім свеце ў турмах сядзяць сотні пісьменнікаў, і многія цярпяць пераслед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нервуюць урад. Пісьменнікі — гэта сумленне грамадства, яны павінны заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкавальнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасць ПЭН-клубаў аднагалосна пацвярджае, што мы працягнём змагацца за свабоду ўсіх пісьменнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».