Маці пяцярых дзяцей, палітзняволеную Вольгу Залатар пачнуць судзіць 15 лістапада
15 лістапада ў Мінгарсудзе пачнецца суд над палітзняволенай маці пяцярых дзяцей Вольгай Залатар.
Вольгу Залатар будуць судзіць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання») і ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і навучанне дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), паведамляюць праваабаронцы.
Ёй пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Справу палітзняволенай будзе разглядаць суддзя Анастасія Папко.
Вольгу Залатар затрымалі 18 сакавіка, калі яна везла 10-гадовую дачку ў музычную школу. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа развярнулі яе машыну і суправадзілі дадому. Там прайшоў ператрус, пасля якога Вольгу забралі ў ізалятар. На волю яна так і не выйшла.
У красавіку былы адвакат Залатар Андрэй Мачалаў заявіў, што падчас допытаў Вольгу збівалі і «выбівалі» паролі ад тэлефона. За гэтую заяву адваката Мачалава пазбавілі ліцэнзіі.