«Так ці была змова? Калі я ў яе верыў, значыць яна існавала». Абвінавачаныя выступілі з апошнім словам

У справе аб «змове» прагучалі апошнія словы абвінавачаных. Адвакаты заявілі, што змова стала вынікам аператыўнага эксперыменту, у якім удзельнічаў укаранёны ў шэрагі змоўшчыкаў падпалкоўнік Іван Жураўскі, піша Св*бода.  

У судзе. Скрыншот з відэа Sputnik

У судзе. Скрыншот з відэа Sputnik

У справе аб «змове» адбыліся спрэчкі бакоў і прагучала апошняе слова абвінавачаных, у тым ліку Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты і Юрася Зянковіча. Іх адвакаты папрасілі апраўдаць падабаронных. Стала вядома, што прысуд ім вынясуць 5 верасня а 12-й гадзіне.

Абаронца Аляксандра Фядуты адвакат Галіна Тарнаўскене ў адказ на патрабаваньне пракурора прысудзіць фігурантам справы 12 гадоў пазбаўленьня волі кожнаму папрасіла суд прызначыць Фядуту апраўдальны вырак. Пра гэта піша беларуская служба расейскага выданьня Sputnik. Незалежныя беларускія СМІ на суд не пусьцілі, большасьць рэдакцый вядучых выданьняў краіны і без таго знаходзяцца ў выгнаньні або пад строгім прэсінгам уладаў.

31 жніўня спрэчкі бакоў пачаліся з выступу абаронцы Рыгора Кастусёва. Адвакатка Інэса Аленская пераконвала суд у ягонай невінаватасьці. Паводле яе, абарона мяркуе, што вінаватасьць Кастусёва ва ўдзеле ў «змове» не знайшла пацьверджаньня ў судзе.

Адвакат адзначыла, што сьледзтва ня высьветліла даты ўступленьня яго ў змову. Паводле яе, Кастусёў не даваў згоды на ўдзел у нейкай палітычнай кааліцыі. Таксама ён ні з кім з удзельнікаў Zoom-канфэрэнцый, акрамя абвінавачанага Юрася Зянковіча, не сустракаўся. А ўсе размовы аб змове ўспрымаў як фэйк.

На думку абаронцы, орган папярэдняга сьледзтва правёў расьсьледаваньне ў дачыненьні Кастусёва перадузята і неаб’ектыўна, зь яўным абвінаваўчым ухілам.

«Прашу апраўдаць Кастусёва цалкам у сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях складу злачынства», — сказала Аленская.

Адвакат Юрася Зянковіча Рыгор Жукаў свой выступ пачаў з таго, што за 15 гадоў практыкі ўпершыню сутыкнуўся з тым, што абвінавачанаму, які заключыў і выканаў угоду са сьледзтвам, дзяржаўны абвінаваўца просіць пакараньне «па поўнай». Паводле адваката, Зянковіч на працягу ўсяго сьледзтва прызнаваў віну і заключыў дасудовую дамову.

Адвакат пераконвае суд, што змова стала вынікам апэратыўнага экспэрымэнту, у якім удзельнічаў укаранёны ў шэрагі змоўшчыкаў падпалкоўнік Іван Жураўскі.

— Няма ніводнага прамога доказу, што Зянковіч кіраваў змовай, — сказаў Жукаў, дадаўшы, што абвінавачаны выконваў указаньні Жураўскага, у тым ліку і ў пошуках грошай на змову.

Адвакат адзначыў, што Зянковіч ня меў карысьлівага намеру.

«Ён заможны, пасьпяховы амэрыканскі адвакат. І ў яго не было карысьлівага намеру. Ён нават перадаваў 16 тысяч даляраў са сваіх сродкаў. Я прашу апраўдаць майго падабароннага па ўсіх складах выстаўленага абвінавачаньня».

Абаронцы яшчэ дваіх фігурантаў справы — Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука — папрасілі суд прызначыць ім пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Пракурор для гэтых абвінавачаных прасіў па 3 гады калёніі.

Прысуд агучаць 5 верасьня.

Апошняе слова фігурантаў справы

Першым на судзе апошняе слова прамовіў Аляксандар Фядута. Ён заявіў, што гэтая змова была арганізавана ў выніку апэратыўнага экспэрымэнту.

«Так ці была змова — не падмацаваная ні грашыма, ні плянамі і вайсковымі сувязямі?» — задаў рытарычнае пытаньне Фядута.

Разам з тым ён адзначыў, што паўдзельнічаў у ёй.

«Калі я ў яе верыў, значыць яна існавала. (...) Я паверыў у змову вайскоўцаў таму, што хацеў у яе паверыць», — сказаў Фядута.

Выступ абвінавачанага доўжыўся ў судзе больш за паўгадзіны — ён зачытваў яго з паперы. Ён таксама заявіў, што ў яго не было ні карысьлівых, ні нізінных мэтаў.

Лідэр Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што ён не даваў згоды на ўдзел у змове. З ягоных словаў, ён удзельнічаў у зумах для таго, каб знайсьці нейкае выйсьце з санкцыйнага ціску на краіну. Па яго словах, яго ўдзел быў з адзінай мэтай — прынесьці карысьць Беларусі.

«Запрашэньне да змовы з боку Зянковіча — балбатня і фэйк», — сказаў ён.

Пры гэтым ён нагадаў суду, што не прызнае віны, а пры прызначэньні пакараньня папрасіў улічыць, што ў яго сур’ёзнае захворваньне. Акрамя гэтага, ён заявіў суду, што мае намер напісаць яшчэ адну кнігу — гэта будуць мэмуары. Там ён напіша пра ўсіх удзельнікаў судовага працэсу. У канцы апошняга слова ў судзе ён прачытаў верш, прысьвечаны сваёй адвакатцы Аленскай.

Апошняе слова ў судзе Юрыя Зянковіча доўжылася некалькі хвілін — ён працытаваў некалькі фраз з кнігі «Гісторыя схаванай галавы».

Вольга Галубовіч падчас апошняга слоў плакала, казала, што сама прыняла рашэньне ня ўдзельнічаць у пратэставых акцыях: «Гэтыя 17 месяцаў у СІЗА жудасныя, безь дзяцей і мамы. І яшчэ паставілі на ўлік як экстрэмістаў».

«Тры гады — гэта проста жорстка», — дадала яна, ацэньваючы тэрмін, які папрасіў для яе пракурор.

Дзяніс Краўчук яшчэ раз заявіў аб сваім раскаяньні ў зробленым і папрасіў суд не прызначаць яму пакараньне, зьвязанае з пазбаўленьнем волі, а пры вынясеньні прысуду ўлічыць ягонае раскаяньне.