Да 12 гадоў калоніі: Пракурор запрасіў тэрміны па «справе змоўшчыкаў»

Мінскі абласны суд месяц у выязным пасяджэнні працягвае разгляд «справы аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». На лаве падсудных знаходзяцца палітзняволеныя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, супрацоўніца мінскага офіса Зянковіча Вольга Галубовіч, актывіст і дальнабойшчык Дзяніс Краўчук, а таксама юрыст Юры Зянковіч, якія ўтрымліваюцца за кратамі больш за 16 месяцаў.

photo_2022_08_30_16_58_22.jpg

Усе, акрамя Кастусёва, прызналі віну, а Зянковіч заключыў дасудовае пагадненне, адзначаюць праваабаронцы. Судовы працэс у адкрытым рэжыме вядзе суддзя Уладзімір Арэшка. Сёння па справе адбываюцца спрэчкі бакоў, падчас якіх дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запрасіў фігурантам тэрміны.

У пачатку спрэчак дзяржаўны абвінаваўца заявіў, што ключавы фігурант справы, Юры Зянковіч, выканаў ўмовы здзелкі са следствам. Пракурор, выступаючы ў спрэчках, заявіў, што Зянковіч, знаходзячыся на тэрыторыі ЗША і РФ, арганізаваў змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі, фізічнай ліквідацыі кіраўніка дзяржавы і разам з Дзмітрыем Шчыгельскім кіраваў злачыннымі дзеяннямі змоўшчыкаў.

«Асноўным доказам вінаватасці Зянковіча, Фядуты і Кастусёва ў змове з мэтай звяржэння ўлады неканстытуцыйным шляхам лічу даныя аператыўнага эксперыменту», — сказаў дзяржаўны абвінаваўца.

Выступаючы ў спрэчках, пракурор заявіў, што Зянковіч прыбыў у Беларусь 5 жніўня 2020 года і па ўзгадненні з Дзмітрыем Шчыгельскім пачаў шукаць удзельнікаў змовы, у тым ліку і сярод вайскоўцаў, радыкальна настроеных грамадзян. Праз месяц ён сустракаўся з Мікалаем Аўтуховічам, з якім абмяркоўваў рэалізацыю змовы.

Дзейнасць Зянковіча не засталася па-за ўвагай беларускіх спецслужб. Афіцэр Генеральнага штаба УС Іван Жураўскі быў прыцягнуты да аператыўнага эксперыменту і правёў сустрэчу з Зянковічам. Дзяржаўны абвінаваўца пры гэтым асабліва падкрэсліў, што правакацый з боку спецслужб падчас следчага эксперыменту не было, ініцыятыва здзяйснення змовы з мэтай звяржэння ўлады ў Беларусі зыходзіла ад Зянковіча.

«Аператыўны эксперымент дазволіў не дапусціць ваеннага перавароту і кровапраліцця», — падкрэсліў дзяржаўны абвінаваўца.

На думку пракурора, два фігуранты справы — Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч — не бралі ўдзел у змове, накіраванай на захоп улады неканстытуцыйным шляхам.

У выніку пракурор Міхаіл Кавалёў запрасіў наступныя тэрміны па «справе змоўшчыкаў»:

палітолагу і літаратуразнаўцу Аляксандру Фядуту па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) — 12 гадоў калоніі;

кіраўніку партыі БНФ Рыгору Кастусёву па ч. 1 арт. 357 КК — 12 гадоў калоніі;

юрысту Юрыю Зянковічу па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці) — 12 гадоў калоніі;

актывісту і дальнабойшчыку Дзянісу Краўчуку па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — тры гады калоніі;

супрацоўніцы мінскага офіса Зянковіча Вользе Галубовіч па ч. 1 арт. 342 КК — тры гады калоніі.