«Адносіліся горш, чым да забойцаў». Гісторыя настаўніцы Аксаны Каспяровіч, якую забралі па «справе Зельцара»
Тэлеграм-канал «Затрыманні, суды ў Лідзе» распавёў пра зняволенне настаўніцы музыкі Аксаны Каспяровіч, якую асудзілі па «справе Зельцара» да аднаго года і двух месяцаў калоніі.
Паводле даных канала, усё пачалося з-за каментарыяў у інстаграме да паста з назваю «Ублюдки перешли черту!», які выклаў адыёзны лідскі прапагандыст 28 верасня 2021 года, калі ў Мінску адбылася перастрэлка паміж Андрэем Зельцарам і супрацоўнікам КДБ.
Аксана пакінула пад пастом два каментарыі.
«Паглядзела відэа захопу кватэры і зразумела: чарговае бязмежжа! Да чаго шкада хлопца, які абараняў сябе і сваю сям'ю(( Дзікія дзеянні, дзікі вынік(( Спадары, хіба для гэтага вы пастаўленыя, каб палохаць і знішчаць уласны народ???(((», — напісала настаўніца.
Другі яе каментарый: «Супрацоўнік ведаў, на што ішоў. Яму за гэта немалыя грошы плацяць, праца яго такая. А на месцы хлопца са стрэльбай мне таксама было б страшна за сябе і сваю сям'ю((».
Каментарыі, адзначае тэлеграм-канал, змяшчалі толькі эмацыйнае ўражанне на здарэнне. У іх не было ні абразы, ні прыніжэння годнасці супрацоўнікаў КДБ.
Па педагога прыйшлі першы раз на працу, правялі размову, праверылі тэлефон, ніякага складу злачынства не знайшлі. Але на наступны раз прыйшлі ўжо з мэтаю затрымаць.
«Спачатку адправілі на Акрэсціна, а потым перавезлі ў Жодзіна. Размясцілі 14 чалавек у 8-меснай камеры. Дыхаць было цяжка, адчувалася кіслароднае галаданне. Спалі парамі на аднамесным ложку. Круглыя суткі гарэла святло, за ноч падымалі 2 разы: у 00:00 і 03:00 для зачытвання рапартаў, у якіх трэба было напрыканцы агаварыць самога сябе, што схільны да экстрэмізму і дэструктыўнай дзейнасці.
Забралі ўсе асабістыя рэчы, каго ў чым бралі, у тым і сядзелі першыя 47 дзён да пераводу ў агульныя камеры. Абвясцілі «каранцін», забаранілі перапіскі, пасылкі, перадачы. Забаранялі карыстацца турэмнай бібліятэкай. Каб не сядзець на голым жалезе ўвесь дзень, падкладвалі свае рэчы. Матрацы дазвалялася рассцілаць толькі на час сну — з 22:00 і да 06:00. На душ адводзілася 10 хвілін: 3 душавыя палівачкі і 14 асоб. Кармілі так, што ўсе пастрайнелі.
Усе рэчы кожны дзень пры ператрусах выварочваліся прама на падлогу (пракладкі, туалетная папера — яе нават размотвалі). Пра лісты ведала, што шлюць, але іх пасля 1 лютага 2022-га перасталі перадаваць. Адносіны да палітычных горш, чым да забойцаў. У ШІЗА не сядзела. Перадачы, бандэролі, грашовыя пераводы — усё даходзіла, за што вельмі ўдзячна. У такіх умовах любая падтрымка — на вагу золата, адчуваеш, што цябе не пакінулі.
Суд зацягвалі, але ён быў кароткі. Адбыўся
27, 28, 29 ліпеня. Вырак: 1 год і 2 месяцы. 9 ліпеня 2022 года выйшла на волю.
Арышт на маёмасць зняты, канфіскавалі толькі тэлефон.
Пагроз ніякіх на дадзены момант не было. Каб з'ездзіць у другую краіну, трэба было ўзяць у аддзеле міграцыі даведку, што падстаў для перасячэння мяжы няма.
Унесена ў спіс "тэрарыстаў", заблакіраваны тэлефонныя рахункі і рахункі зарплатных карт. Немагчыма не толькі зняць грошы са сваіх старых рахункаў, але і адкрыць новыя. Няма магчымасці ўладкавацца на дзяржпрацу — забаронена палітычным. Толькі хіба ў прыватных працадаўцаў шукаць працу.
Спачатку хацелі крымінальную справу завесці па арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады, да 3 гадоў) і арт. 130 ч.3 (групавое распальванне варожасці, ад 5 да 12 гадоў). Але потым 369 артыкул прыбралі, а па артыкуле 130 перакваліфікавалі на ч.1 (да 5 гадоў)», — аповед ад імя былой палітзняволенай.