Страты расійцаў на Пакроўскім кірунку за месяц выраслі на 30% — УСУ

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша пра даволі значныя поспехі ўкраінскіх контратак на фронце. У той жа час аналітычны праект DeepState заявіў пра значныя поспехі украінскіх войскаў у верасні, якія раней наўмысна не фіксавалі на картах. Імаверна пра гэта і размаўлялі Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп, пасля чаго Трамп пачаў казаць, што Расія — «папяровы тыгр». Ідуць 1319-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

557155892_1153283403651403_739574169372376259_n.jpg

Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 159 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 4 кастрычніка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 56 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Радзінскага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак у раёнах Зялёнага Гаю, Сасноўкі, Ворана, Студзеньскага, Новаіванаўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 13 атак арміі РФ у раёнах Ваўчанску, Ваўчанскіх Хутароў, Каменкі і Краснага Першага.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 12 разоў, спрабуючы прасунуцца каля Грэкаўкі, Карпаўкі, Сярэдняга, Шандрыгалава, Калодзежаў і Торскага.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак у раёнах Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Русінага Яру і Палтаўкі.

* * *

7 корпус хуткага рэагавання ДШВ Украіны ў Facebook заявіў, што ў верасні ў раёне Пакроўскай агламерацыі, у паласе іх абароны, страты расіян у пяхоце выраслі амаль на 30%. 

Паведамляецца таксама, што ў верасні дзякуючы пачатку выкарыстання спецыяльных дронаў-перахопнікаў у небе над Пакроўскам абясшкодзілі варожых «Шахедаў» на 50% больш, чым у жніўні. «Рост страт праціўніка — не толькі следства беспаспяховых спроб ворага атакаваць і захапіць Пакроўск, але і зладжаных дзеянняў абаронцаў агламерацыі», — гаворыцца ў паведамленні.

Па словах вайскоўцаў, у Зверавым падраздзяленні корпуса ўтрымліваюць пазіцыі па паўднёвых ускраінах забудовы. Адзначаецца, што расійцы не пакідаюць спробаў атачыць Пакроўск, і ўзмацняюць ціск, каб наблізіцца і атакаваць Мірнаград з поўначы і ўсходу.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша пра даволі значныя поспехі ўкраінскіх контратак на фронце. У той жа час фіксуецца і прасоўванне расійскіх войскаў.

Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 3 кастрычніка, паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ўздоўж паўднёвай чыгункі ў заходняй частцы Ваўчанска (паўночны ўсход ад Харкава) і захапілі чыгуначную станцыю Ваўчанск.

Геалакацыйныя кадры ад 2 кастрычніка сведчаць, што ўкраінскія сілы нядаўна прасунуліся да паўночнай ускраіны Лісоўкі (паўднёвы ўсход ад Пакроўска). Таксама геалакацыйныя кадры ад 3 кастрычніка паказваюць, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі або прасоўваюцца наперад у паўднёвым Пакроўску, раёнах, якія, па ранейшай заяве расійскіх крыніц, знаходзяцца пад кантролем Расіі.

Геалакацыйныя кадры ад 3 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся да ўсходняй часткі Іванаўкі (паўднёвы захад ад Навапаўлаўкі). Але ў той жа час украінскія войскі нядаўна адбілі Сасноўку (на паўднёвы ўсход ад Вялікаміхайлаўкі) і Вербава (на паўднёвы захад ад Вялікаміхайлаўкі).

* * *

Украінскія сілы абароны ў верасні правялі зачыстку чатырох населеных пунктаў Днепрапятроўскай вобласці: Сасноўкі, Харошага, Навасёлаўкі і Студзеньскага. Інфармацыю апублікаваў праект DeepState на сваім Telegram-канале ўвечары ў пятніцу, 3 кастрычніка.

Па даных DeepState, з меркаванняў бяспекі дэталі пра вынікі аперацыі наўмысна не адлюстроўваліся на картах.

У той жа час расійскія войскі аднавілі штурмавыя дзеянні на Навасёлаўку і Студзеньскае, дзе зноў зафіксавана прысутнасць войскаў РФ. Украінскія сілы працягваюць прыкладаць намаганні, каб не дазволіць расійцам замацавацца на гэтых пазіцыях.

* * *

У ноч на 4 кастрычніка Чарнігаў падвергся чарговай атацы расійскіх беспілотнікаў. У выніку трапленняў узнік пажар.

У ноч на 4 кастрычніка расійскія ваенныя атакавалі Запарожскую вобласць дронамі. Тры чалавекі паранены, пашкоджаны дамы і аб'екты інфраструктуры.

Расійскія войскі ўначы нанеслі камбінаваны ўдар па Днепрапятроўскай вобласці. У прыватнасці, пад ударам былі Дняпро і Паўлаград. Пашкоджана інфраструктура, людзі не пацярпелі.

Ударныя беспілотнікі ў ноч на 4 кастрычніка атакавалі горад Кірышы ў Ленінградскай вобласці РФ, уразіўшы адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі — «Кірышынафтоаргсінтэз» (КІНЭФ). Завод мае магутнасць перапрацоўкі больш за 10 мільёнаў тон нафты ў год і вырабляе шырокі спектр нафтапрадуктаў, уключаючы бензін, дызельнае паліва, авіяцыйнае паліва і іншыя.

* * *

556559936_1155676113412132_1201204189065802956_n.jpg

* * *

Служба ваеннай разведкі Даніі абвінаваціла расійскія ваенныя караблі ў неаднаразовых агрэсіўных дзеяннях у дацкіх пралівах, якія злучаюць Балтыйскае і Паўночнае моры. Правакацыі ўключалі навядзенне зброі на дацкія судны і верталёты, небяспечныя манеўры на мяжы сутыкнення і глушэнне навігацыйных сістэм, піша Reuters.

Дырэктар дацкай ваеннай разведкі Томас Арэнкіэль на спецыяльнай прэс-канферэнцыі абнародаваў канкрэтныя факты агрэсіўнага паводзінаў расійскіх вайскоўцаў. Напрыклад, разведка зафіксавала праходжанне расійскіх караблёў праз пралівы з актыўнымі гідралакатарамі і абсталяваннем для стварэння радыёэлектронных перашкод. Арэнкіэль заявіў, што «вельмі верагодна», што па меншай меры ў адным выпадку менавіта яны сталі прычынай значных збояў у працы GPS на тэрыторыі Даніі.

«Расія выкарыстоўвае ваенныя сродкі, у тым ліку агрэсіўныя, каб аказваць на нас ціск, не пераходзячы пры гэтым мяжы ўзброенага канфлікту ў традыцыйным разуменні», — падсумаваў Арэнкіэль, назваўшы гэтыя дзеянні часткай гібрыднай вайны супраць Даніі і Захаду. 

Варта адзначыць, што напярэдадні The Telegraph абнародавала вынікі аналізу маршруту танкера Boracay, які належыць да «ценевага флоту» РФ. Яго рух па Балтыйскім моры падазрона супадае з датамі з'яўлення невядомых беспілотнікаў над стратэгічнымі аб'ектамі ў Даніі і Германіі.

* * *

Швейцарская армія ўзмацняе сістэму абароны пасля росту колькасці інцыдэнтаў у паветранай прасторы Еўропы, піша SRF. Ваеннае камандаванне Швейцарыі даручыла Федэральнаму ведамству ўзбраенняў (Armasuisse) закупку новых сістэм абароны ад беспілотных лятальных апаратаў.

Сістэмы, якія плануюць закупіць, будуць паўмабільнымі, што дазволіць прымяняць іх не толькі ў ваенных аперацыях, але і ў міратворчых місіях або па запыце грамадзянскай улады — напрыклад, падчас буйных мерапрыемстваў або ў аэрапортах.

Мінулым летам армія ўжо правяла палявыя выпрабаванні тэхналогій, каб пратэставаць эфектыўнасць сістэм у рэальных умовах. Рашэнне аб закупцы прынята на аснове атрыманых вынікаў і ў адказ на рост колькасці інцыдэнтаў з удзелам міні-дронаў.

«Неабходныя эфектыўныя сродкі барацьбы з варожымі міні-дронамі. Яны ўжо не з'яўляюцца толькі разведвальным інструментам, а могуць уяўляць сур'ёзную пагрозу», — адзначылі ў Групе абароны.