Беларускі футбаліст: Нельга называць добрым тое, што было ў нас пасля выбараў і што адбываецца цяпер

Беларускі абаронца ўкраінскага «Коласа» Мікалай Золатаў распавёў у інтэрв'ю «НН» пра сум па Беларусі і пераход на беларускую мову.

zolatau_1.jpg

— Вы перайшлі ў інстаграме на беларускую мову. Не думалі зрабіць гэта і ў звычайным жыцці?
— Задумваўся, але цяжка на яе пераходзіць, калі вакол няма беларусаў. Я вельмі добра разумею беларускую мову і ведаю, што мне хопіць недзе тыдня практыкі, каб на ёй гутарыць. У школе праблем з вывучэннем беларускай мовы не было.
Тут шмат людзей перайшлі на ўкраінскую мову, і я іх вельмі добра разумею, сам магу часам ужываць украінскія словы. Таму, каб перайсці на беларускую мову, галоўнае — знаходзіцца там, дзе людзі на ёй гутараць, і я думаю, што большасці насельніцтва не будзе цяжка загаварыць па-беларуску. Я б гэтага жадаў. У нас ёсць свая мова, проста нам трэба больш ёй карыстацца і пераводзіць на гэтую мову ўвесь уклад жыцця.


— Сумуеце па Беларусі?
— Так. Хацелася б прыехаць, можа, паехаць на зборы, неабавязкова дахаты. Сумую па Беларусі, але разумею, што невядома, калі там апынуся. Паехаць туды можна, але наступствы незразумелыя, хаця мне трэба вырашаць пытанні з дакументамі. Дрэнна, што праз гэта ўсё мае бацькі не могуць бачыць сваю ўнучку. Шмат пытанняў ёсць, але нічога страшнага, будзем верыць у лепшае.
Не жадаю нікога агітаваць, але людзі павінны разумна ацэньваць, што цяпер адбываецца, чаму і праз каго. Калі ў цябе ёсць меркаванне, напрыклад, наконт вайны ці выбараў, трэба не баяцца яго выказваць, нельга пагаджацца са злачынствамі, што цяпер робяцца, і думаць, што мая хата з краю, мне плацяць заробак і ў мяне ўсё добра. Можа надысці момант, калі ў цябе ўсё стане дрэнна і ты не будзеш разумець, што здарылася і чаму ты пацярпеў.


Зразумела, што трэба выказвацца з халоднай галавой і не спяшаючыся, можа, нават з’ехаць за мяжу і выказвацца адтуль. Цяпер паміж людзьмі часта бываюць канфлікты праз палітыку, але трэба навучыцца думаць сваёй галавой і не глядзець тэлевізар. Нельга называць добрым тое, што было ў нас пасля выбараў і што адбываецца цяпер, падтрымліваць гэта. Я б такіх людзей выселіў усіх у нейкі ізаляваны горад ці краіну, і няхай яны там жывуць у сваім свеце, калі ім гэта падабаецца.