Грузія можа ўвесці для рускіх візы
Кіраўніцтва Грузіі не выключае, што візавы рэжым для грамадзян Расіі могуць усё ж увесці. Адметна, што грузінам, каб трапіць у РФ, віза і цяпер патрэбная.
Рашэнне пра ўвядзенне віз павінен прыняць грузінскі ўрад. Пра гэта заявіла прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі, піша РИА «Новости».
Яна падкрэсліла, што ўлады краіны ўжываюць усе механізмы кантролю, каб не было ніякай небяспекі для мясцовых жыхароў. «Сярод эмігрантаў былыя грамадзяне Грузіі, якія прыехалі ў Грузію праз сітуацыю ў Расіі. Але ёсць і грамадзяне Расіі, якія прыязджаюць у Грузію па розных прычынах. Тут галоўнае, каб грамадскасць была ўпэўнена ў тым, што выкарыстоўваюцца ўсе механізмы кантролю, каб не ўзнікла небяспека, … каб усе магчымыя пагрозы і пытанні рэальна разглядаліся ўладамі і прымаліся ўсе меры», —дадала Зурабішвілі.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», за два тыдні пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі Расію пакінулі прыкладна 700 тысяч чалавек, 200 тысяч з іх з'ехалі ў Казахстан. МУС Грузіі раней паведамляла, што з Расіі ў Грузію з 17 па 26 верасня заехалі каля 78 тысяч расійцаў, а выехалі, нібыта, больш за 62 тысячы. Зрэшты, дакладных лічбаў пра тое, колькі расіян пражывае цяпер у Грузіі, няма.
Тыдзень таму дэпутаты ад апазіцыйных партый прапанавалі законапраект, які прадугледжвае ўвядзенне візавага рэжыму для грамадзян Расіі. Звяртаецца ўвага, што цяперашні бязвізавы рэжым дазваляе расіянам знаходзіцца ў Грузіі без якіх-небудзь дакументаў на працягу года, а цяпер, ва ўмовах вайны, гэта не апраўдана. Згадваецца таксама, што больш за 20% тэрыторыі Грузіі акупавана Масквой.
«Грамадзяне РФ, якія трапілі ў Грузію — гэта правакацыя, не магу сказаць, што гэта небяспека, але гэта відавочна выклік. Магчыма, трэба будзе казаць і аб візах для грамадзян РФ», — сказала Зурабішвілі.
Такі ж бязвізавы рэжым існуе ў Грузіі і з Беларуссю. Нядаўна, пасля візіту Лукашэнкі ў Абхазію, у Грузіі загаварылі таксама і пра разрыў дыпламатычных адносін і з Беларуссю.