Кіраўнік МУС Сербіі заявіў, што без сяброўства з Расіяй ёсць рызыка знікнення краіны

Як напісаў сербскі чыноўнік, Сербіі трэба прызнаць, што Еўрапейскі Саюз не жадае прымаць яе.

serbija.webp


Міністр унутраных спраў Сербіі Аляксандр Вулін у інтэрв'ю «Večernje Novosti» паведаміў, што са стратай палітычнай незалежнасці сябры ЕС пачынаюць страчваць сваю эканамічную моц.
«Пытанне не ў тым, ці хочам мы ўступіць у ЕС, а ў тым, ці хоча ЕС Сербію. Мяркуючы па тым шалёным шантажы, якому нас падвяргаюць, каб прызнаць Косава, скасаваць Рэспубліку Сербскую і ўвесці санкцыі супраць Расіі, мы ім не патрэбны.
Чым раней мы прызнаем, што мы ім не патрэбныя і што мы ім не належым, тым лепш для нас будзе. Стаўленне да ЕС — гэта пытанне не эмоцый, а рацыянальных рашэнняў»,
— заявіў Вулін.
Таксама ён адзначыў, што сяброўства з Расіяй «мае вялікае значэнне» і без гэтага ёсць рызыка «фізічнага знікнення Сербіі».
Пазіцыя Сербіі па вайне ва Украіне
Як вядома, Сербія не ўвяла санкцыі супраць Расіі нават пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. У той самы час краіна далучылася да шэрагу санкцый супраць Беларусі.
Прарасійскія настроі ў Сербіі значна ўзраслі на фоне падтрымання Расіяй прыналежнасці Косава да Сербіі, у той час як большасць краін Захаду прызналі яго незалежнасць. Украіна, хоць і не прызнала незалежнасць Косава, успрымаецца як дзяржава з варожага заходняга лагера. (Калі крыху зірнуць на мапу Еўропы, можна заўважыць, што Украіна знаходзіцца на Усход ад Сербіі).
Вядома, што Сербія атрымлівае з Расіі 100 адсоткаў неабходнага газу.
Раней СМІ паведамлялі, што Еўрапарламент плануе папрасіць прыпыніць перамовы аб уваходжанні Сербіі ў ЕС з-за таго, што ўлады краіны не далучыліся да санкцый супраць Расіі.