У Грузіі задумаліся пра разрыў дымламатычных адносін з Беларуссю
У Грузіі загаварылі пра разрыў дыпадносін з Беларуссю за візіт Лукашэнкі ў Абхазію, а ў Арменіі беларускага дыпламата выклікалі ў МЗС.

Акцыя пратэсту ў Батумі
Старшыня парламенцкага камітэта па знешніх сувязях Грузіі Нікалаз Самхарадзэ назваў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў самаабвешчаную Абхазію "недружалюбным жэстам і грубым парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Грузіі". Прадстаўнік кіруючай партыі "Грузінская мара", заявіў, што паўтор такога кроку можа прывесці да разрыву адносін паміж дзвюма краінамі.
Нагадаем, 28 верасня Лукашэнка нечакана прыбыў у Піцунду. Абхазія — грузінская тэрыторыя, акупаваную ў 2008 годзе расійскімі войскамі. Рэакцыя на візіт Лукашэнкі ў Абхазію з боку грузінскай улады была вельмі жорсткай.
Найперш Міністэрства замежных спраў Грузіі выклікала амбасадара Беларусі Анатоля Ліса, выказала яму свой пратэст у самых рашучых выразах і запатрабавала дадатковых тлумачэнняў. А МЗС Грузіі ў сваёй заяве расцаніла наведванне Лукашэнкам Абхазіі як парушэнне дзяржаўнай мяжы Грузіі: «Міністэрства замежных спраў Грузіі асуджае парушэнне Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўнай мяжы Грузіі з яго так званым візітам у акупаваны рэгіён Абхазію, што груба парушае асноўныя прынцыпы і нормы міжнароднага права». Адметна, што ў заяве МЗС Грузіі не выкарыстала ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі азначэнне «прэзідэнт».
Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі таксама выказала абурэнне візітам Лукашэнкі ў Абхазію. Яна абвінаваціла беларускага кіраўніка ў парушэнні двухбаковых адносін і міжнароднага права
Грузінскі бок заклікаў Беларусь паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі.

30 верасня пасла Беларусі ў Арменіі выклікалі ў МЗС гэтай краіны з-за заявы кіраўніка беларускага МЗС Уладзіміра Макея пра візіт спікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Нэнсі Пэласі ў Ерэван.
На Генасамблеі ААН Макей сказаў, што такія візіты ўзмацняюць канфлікты: "Падобнага роду візіты будуць звязаныя не з супакаеннем тых ці іншых канфліктаў, а наадварот, з абвастрэннем. Спадзявацца на знешніх дзядзек-цётак наўрад ці мэтазгодна".
