Валерый Карбалевіч: Лукашэнка здае незалежнасць Беларусі ў замежнай палітыцы крок за крокам

28 верасня Аляксандр Лукашэнка раптоўна наведаў самаабвешчаную Рэспубліку Абхазію — грузінскую тэрыторыю, незалежнасць якой прызнала толькі Расія і некалькі невялікіх аддаленых краін. 14 гадоў цярпеў — і здаўся, піша ў сваім блогу на «Радыё Св*бода» палітолаг Валерый Карбалевіч.

Лукашэнка прыехаў у Абхазію з сынам Мікалаем

Лукашэнка прыехаў у Абхазію з сынам Мікалаем


Раней, нягледзячы на шматлікія запрашэнні, беларускі кіраўнік устрымліваўся ад падобных візітаў. Папярэдне наведванне Лукашэнкам Сухумі не анансавалася.

20 верасня Лукашэнка падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Рады бяспекі Аляксандрам Вальфовічам сказаў, што «праз тыдзень, калі я вярнуся з камандзіроўкі», мы правядзём нараду ў Міністэрстве абароны. Больш падрабязна пра загадкавую камандзіроўку дзяржаўныя медыя не паведамлялі.

І вось цяпер высвятляецца, што адразу пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы Лукашэнка паехаў у Абхазію — непрызнаную міжнароднай супольнасцю прарасійскую рэспубліку. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце абхазскага агенцтва «Апсныпрэс». Беларускія афіцыйныя органы і СМІ пакуль, на 17 гадзіну 28 верасня, ніяк не каментуюць гэту паездку. Мусіць, усе ў ступары. Здаецца, МЗС таксама ў шоку, таму нічога не каментуе.

Відавочна, чаму беларускія ўлады маскіруюць, прыхоўваюць гэты візіт, які названы неафіцыйным. Бо Абхазію прызналі, акрамя Расіі, яшчэ Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. То-бок моцна залежныя ад РФ краіны.

Лукашэнка наведвае Абхазію ўпершыню. Хоць у 2008 годзе сустракаўся ў Сочы з прэзідэнтамі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Справа ў тым, што пытанне аб прызнанні афіцыйным Мінскам такіх марыянетачных утварэнняў, як Абхазія, Паўднёвая Асеція, «ДНР», «ЛНР» стала важным маркерам, індыкатарам ступені залежнасці Беларусі ад Расіі. У 2008 годзе, калі Абхазія была прызнана Расіяй, а Лукашэнка адмовіўся гэта зрабіць, пачалася першая адліга ў адносінах Беларусі з Захадам, якая працягнулася да 2010 года. Гэта была адметная заяўка Беларусі на самастойную замежную палітыку. Калі б у той момант Мінск прызнаў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, магчыма, гэтым жа шляхам пайшлі б і іншыя саюзнікі Расіі па АДКБ (Казахстан, Арменія, Кіргізстан, Таджыкістан). Але калі нават самая блізкая да РФ дзяржава — Беларусь — адмовілася гэта рабіць, гэта быў сігнал іншым краінам постсавецкай прасторы, што такое прызнанне рызыкоўнае для іх рэпутацыі.

Тады прызнанне Абхазіі, Паўднёвай Асеціі пэўнымі дзяржавамі было раўназначна прызнанню статусу расійскай марыянеткі.

Дарэчы, былы прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі вельмі ганарыўся тым, што, паводле ягоных слоў, змог угаварыць Лукашэнку не прызнаваць незалежнасць гэтых тэрыторый, прызнаных сусветнай супольнасцю як часткі Грузіі. І лабіяваў на Захадзе размарожванне адносін ЗША і ЭС з лукашэнкаўскай Беларуссю, аргументуючы якраз гэтым фактам.

Дарэчы, падчас візіту ў Грузію ў 2015 годзе Лукашэнка заявіў, што прызнае тэрытарыяльную цэласнасць гэтай краіны. То-бок прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію часткай Грузіі.

І вось цяпер такі паварот. Гэта значыць, што ў сэнсе рэпутацыі Лукашэнку ўжо няма чаго траціць. Дарэчы, афіцыйна Беларусь так і не прызнала Абхазію незалежнай дзяржавай. Але візіт Лукашэнкі азначае такое прызнанне дэ-факта.


Мусіць, не выпадкова гэтая паездка адбылася адразу пасля сустрэчы з Пуціным у Сочы. Што выглядае яшчэ больш прыніжальным для Лукашэнкі. Вонкава выглядае так, што ён выконвае загад Пуціна. Відавочна, Крэмль і раней патрабаваў гэтага, але тады Лукашэнка ўпіраўся. Цяпер рэсурсаў і рэзерваў для супраціву не засталося. Вельмі сімвалічны ягоны каментарый падчас сустрэчы з лідарам самаабвешчанай Рэспублікі Абхазія Асланам Бжанія: «Расія гатовая падставіць сваё плячо. Напэўна, настаў час. Мы сёння, як ніколі, убачылі, якім стаў свет. Нам спакойна жыць не дадуць. Таму мы павінны ўмацоўваць адносіны з сябрамі».

Так, сапраўды, настаў час, калі Лукашэнка здае незалежнасць Беларусі ў замежнай палітыцы крок за крокам. Здзіўляе хуткасць, з якой гэта адбываецца. Няўжо палітычнае становішча Лукашэнкі настолькі дрэннае, што ён гатовы ісці на такое дэманстратыўнае прыніжэнне? Што далей? Афіцыйнае прызнанне незалежнасці гэтых паўдзяржаўных утварэнняў? Уступленне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі? І разрыў адносін з Грузіяй?