«Сённяшняя расійская мабілізацыя нагадвае нямецкую 1943 года»
Мар'яна Ліс у сваім блогу на «Штодні» параўноўвае мабілізацыі ў Расіі і ва Украіне, у СССР і ў гітлераўскай Германіі. І заўважае, што Украіна ў гэтым плане больш падобная на СССР, хаця менавіта Пуцін шкадуе аб развале Саюза…
Да нядаўняга часу мабілізацыя ў Расіі (дакладней, у СССР) аб’яўлялася толькі два разы за ўсю гісторыю – 18 ліпеня 1914 года (падчас Першай сусветнай вайны) і 22 чэрвеня 1941 года (падчас Другой сусветнай).
Сведкі тых часоў сцвярджалі, што мабілізацыя праходзіла ва ўмовах вялікага патрыятычнага ўздыму, ішла масавая падача заяў аб добраахвотным уступленні ва Узброеныя Сілы. Людзі, якім афіцыйна дазвалялася не служыць у войску па інваліднасці, узросце ці іншых прычынах, спрабавалі падрабіць дакументы, каб уступіць у рады войска, паток добраахвотнікаў ніколі не сканчаўся.
У мяне няма прычын не верыць сведкам: шматнацыянальны народ, як любілі тады казаць, уздымаўся на барацьбу, каб выгнаць са сваёй зямлі акупантаў, абараніць свае хаты, сваіх дзяцей, сваю будучыню.
Цяпер гэтак жа ўзнімаюцца ўкраінцы. Хто не можа ісці ў войска, ідзе ў тэрытарыяльную абарону, валанцёрыць альбо дапамагае грашыма.
Што датычыцца сённяшняй расійскай мабілізацыі — яна нагадвае мне нямецкую 1943 года, якая павінна была папоўніць чалавечыя страты і задаволіць запатрабаванні Вермахта. Кіраўніцтва Германіі старалася прывучыць немцаў да думкі, што вайна будзе працяглай і жорсткай «бітвай за існаванне», якая патрабуе новых ахвяр і намаганняў. На замену загінулым дасведчаным вайскоўцам накіроўваліся людзі з неваенных галін гаспадаркі, у Вермахт была прызвана і частка насельніцтва акупаваных краін.
Як паказала гісторыя, рэсурс прызыўнікоў, якія не мелі элементарных ведаў у ваеннай справе, вычарпаўся за пару месяцаў. Такія батальёны неслі велізарныя страты ў баях, нягледзячы на дасведчаных камандзіраў. Тое ж самае адбывалася і з савецкага боку. Ідэя «закідаць праціўніка трупамі» не спрацоўвала ніколі. Выкарыстанне гарматнага мяса не гарантуе поспех і перамогу.
Не дзіўна, што мабілізаваныя сучасныя офісныя супрацоўнікі ў РФ задаюцца пытаннямі: «А куды за паўгода падзелася хвалёнае войска прафесіяналаў? А чаму я павінен ваяваць за чужыя яхты і палацы? А чаму дэпутаты сваіх дзяцей на фронт не адпраўляюць? А нам дакладна патрэбна тая вайна?»
Тэлевізійная памыйніца на працягу многіх гадоў казала: патрэбна. Бо вакол ворагі, якія толькі і жадаюць захапіць нашу найбагацейшую краіну ды забараніць Пушкіна з Леніным. І ўвогуле белае — гэта чорнае, а чорнае — гэта белае. Прынамсі, расійская тактыка заўсёды заключалася ў тым, каб укласці ў галовы людзей ілжывыя ідэі, якія будуць паўтарацца як іх уласныя. Але ж сітуацыя на прызыўных пунктах паказвае адваротнае.
Вось і атрымліваецца ў Расіі не войска, а кепска ўзброены дэмаралізаваны натоўп, у якім пануюць хаос, разлад і дэзарганізацыя.
Расія ідзе па шляху гітлераўскай Германіі — і атрымае тое ж. Рэалізацыя плана «маланкавай вайны» не спраўдзілася, назапашанага ўзбраення хапіла б толькі для хуткай перамогі, эканоміка Германіі не магла працаваць толькі на патрэбы вайны. Таму яе пасляваенны стан быў катастрафічным. У 1946 годзе прамысловая вытворчасць складала 1/3 ад даваеннага ўзроўню, вытворчасць сталі скарацілася ў 7 разоў, здабыча вугалю ўпала больш чым у два разы, на дзесяцігоддзі была адкінута назад сельская гаспадарка, большая частка прамысловых прадпрыемстваў была разбурана. Нямеччына пазбавілася 25% сваёй тэрыторыі, кожны другі немец не меў працы. Высокая інфляцыя, картачная сістэма, спусташэнне дробных прадпрымальнікаў, таварны дэфіцыт катастрафічна адбіліся на жыццёвым узроўні насельніцтва.
Такі быў той кошт, які нямецкі народ заплаціў за гітлераўскую авантуру.
Што спыніць расійскую агрэсію, дакладна не ведае ніхто. Украінцы сцвярджаюць, што ім неабходна сучасная зброя для перамогі, хтосьці кажа, што плынь цынкавых трун ці зніжэнне ўзроўню жыцця можа паўплываць на рашэнні Крамля, іншыя лічаць, што Пуцін не адступіць, пакуль не даб’ецца жаданага. Ды і любую паразу праўладныя СМІ могуць паднесці насельніцтву як перамогу.
Вось у чым розніца.
Ва Украіне жыве і змагаецца народ. Народ валодае пэўнымі грамадзянскімі, палітычнымі правамі і свабодамі.
А ў Расіі, большай часткай, пражывае насельніцтва — інэртная маса, якая можа мяняцца ў сваёй арыентацыі пад уплывам падзей. Насельніцтва не валодае правамі і свабодамі, яно здольнае толькі на лакальныя бунты, якія душацца сілавымі структурамі, і не ўяўляе для рэжыму вялікай пагрозы.
Працэс трансфармацыі доўгі і балючы. Каб нарадзіўся народ, насельніцтва павінна навучыцца абараняць свае правы. І беларусы гэтыя ўрокі вывучылі.